Дзе адпачываць беларусам?


Чарговы турыстычны сезон прынёс новыя выпрабаванні для беларусаў. Усё менш у краіне застаецца турагенцтваў, праз якія можна арганізаваць адпачынак за мяжою. На гэтым фоне ўсё больш нашых суграмадзянаў абірае ўнутраны турызм. Але і тут улады ставяць перашкоды: за апошнія гады колькасць аб’ектаў аграэкатурызму значна скарацілася.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі расце ўнутраны турызм. З 2019 года колькасць нашых суграмадзянаў, якія адпачылі ў краіне, вырасла на 400 тысяч чалавек. Найбольш папулярны від унутранага турызму – туры па Беларусі на адзін дзень. Яны таннейшыя. Да таго ж, месцаў, дзе можна спыніцца на начлег, становіцца ўсё менш. З 2021 года колькасць аграсядзібаў скарацілася ўтрая. Прычына – указ «Аб развіцці аграэкатурызму». Згодна з ім, чыноўнікі выключылі магчымасць весці гасцінічны або рэстаранны бізнес пад выглядам аграэкасядзібаў.

«Гэта, вядома, уплыў і падаткаў, і ўвогуле адмоўных зменаў заканадаўства, якія не дазваляюць гэты сектар развіваць. Хоць, вядома, ён падаецца найбольш перспектыўным для такой краіны, як Беларусь», – зазначае фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

На папулярнасць унутранага турызму ўплывае і скарачэнне ліку турыстычных кампаніяў, што арганізоўваюць адпачынак за мяжою. У 2019 годзе ў Беларусі працавалі 1544 тураператараў і турагентаў. З таго часу іх колькасць змяншаецца кожны год, і летась гэты паказнік склаў 1108 турыстычных арганізацыяў.

«Пастаяннае, вось гэтае дзікае сталае ўмяшанне дзяржавы, якая раз на 2-3 месяцы прыдумляла для турыстычных кампаніяў нейкія навіны. І ўсе турагенцтвы, увесь турбізнес проста хапаўся за галаву. Ператэлефаноўваліся, перапісваліся: што з гэтым зараз рабіць, мы не ведаем», – узгадвае Дзяніс Дудзінскі, тэлевядоўца, шоўмен, былы ўладальнік турыстычнай фірмы.

У 2019 годзе, паводле афіцыйных звестак, за мяжой адпачыў 1 000 000 беларусаў. А летась гэты паказнік склаў 388 000 чалавек. Міністэрства спорту і турызму, тым часам, заклапочанае адкрыццём новых турыстычных кірункаў. Сёння з Менску можна наўпрост паляцець у 15 краінаў. Гэта традыцыйныя Расея, Турцыя, Егіпет, Грузія ды некаторыя краіны былога СССР. Наўпроставыя рэйсы ёсць і ў Кітай, а таксама ў Арабскія Эміраты, Іран і Танзанію. Перспектыўнымі чыноўнікі лічаць і новыя кірункі.

«Мы актыўна працуем на сённяшні дзень з Рэспублікай Куба і з Венесуэльскай Рэспублікай для адкрыцця, прапрацоўвання адкрыцця авіярэйсаў у кірунку з гэтымі далёкімі для нас, але цікавымі рэгіёнамі», – зазначае, Алег Андрэйчык, намеснік міністра спорту і турызму.

Пры гэтым на Кубу і ў Венесуэлу беларусы могуць паляцець і цяпер – праз Маскву. Да Гаваны пералёт зойме чатырнаццаць з паловаю гадзінаў. А да Каракасу – больш за сямнаццаць гадзінаў. Але беларусы абіраюць больш зразумелыя для іх кірункі.

«Гэтыя напрамкі не будуць развівацца. Калі ў беларусаў ёсць пад бокам Турцыя і ўсесезонны Егіпет. Дванаццаць месяцаў у годзе беларус можа паехаць у Егіпет. Нават цяпер, нягледзячы на ўсе вось гэтыя вось аблёты тэрыторыі Украіны і тое, што гэта больш за шэсць гадзінаў лёту. Усё роўна гэта зразумела», – мяркуе Дзяніс Дудзінскі, тэлевядоўца, шоўмен, былы ўладальнік турыстычнай фірмы.

Турызм мог бы быць адным з тых складнікаў, што штурхаюць беларускую эканоміку ўверх, упэўнены Віталь Алейнік. Але ён зазначае, што пры існым рэжыме гэта немагчыма.

«Адзінае, на што прыходзіцца арыентавацца, – гэта змена геапалітычнай сітуацыі. А без змены ўнутры краіны, без зменаў палітычных, якія перашкаджаюць, у тым ліку, турыстычнай галіне… Без гэтых зменаў турыстычнай галіне такіх штуршкоў чакаць не даводзіцца», – зазначае фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Летась медыянны заробак беларусаў склаў Br 1500, і выбіраць адпачынак даводзіцца адпаведна гэтаму. Тур па Беларусі можа каштаваць 100 рублёў, у той час як адпачынак на Кубе абыдзецца значна даражэй.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»