Трагедыя ў Светлагорску: каго зробяць вінаватымі і што будзе далей?


Віктар Раманькоў, Міхаіл Шаціца і Алег Кацуба. Гэта імёны загінулых рабочых Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. Усе трое паводле спецыяльнасці былі выпарвальнікамі шчолаку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Следчы камітэт паведаміў і пра двух параненых у выніку ўспышкі газапаветранай сумесі:

«Правяраюцца версіі фармавання выбуховай газапаветранай сумесі ў хадзе правядзення рамонтна-ачышчальных працаў без рэгламенту, а таксама версіі пра дапушчаныя парушэнні ў тэхналагічным працэсе».

Трагічны выпадак на Светлагорскім камбінаце здарыўся напярэдадні. Паводле афіцыйнай інфармацыі, рабочыя ажыццяўлялі прамыўку цеплаабменніка, калі і адбыўся выбух. Што канкрэтна магло стаць прычынаю? На ўмовах ананімнасці нам распавёў кандыдат хімічных навук:

«Імаверна, пара шкіпінару выбухнула ў сумесі з паветрам альбо з прыродным газам, які маглі выкарыстоўваць як паліва».

Якім жа канкрэтна чынам дайшло да трагедыі? Улічваючы тое, што Следчы камітэт завёў справу аб парушэнні вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, да інцыдэнту магло прывесці парушэнне тэхнікі бяспекі.

«Прафесіяналаў на прадпрыемствах становіцца ўсё менш з прычыны звальненняў, з прычыны ад’ездаў, і плюс састарэлая вытворчасць і раздзяўбайства службаў аховы працы. Усё ў сукупнасці дае вось такі эфект. Таму, калі ўчора здарылася такая трагедыя, шчыра скажу, мы абсалютна не здзівіліся», – кажа прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.
Фота: з афіцыйнае старонкі прадпрыемства

Ці мог ад выбуху на камбінаце адбыцца выкід шкадлівых рэчываў? Гэтае пытанне цікавіць большасць жыхароў Светлагорску. Але на прадпрыемстве такой інфармацыі не даюць:

«У мяне ўвогуле няма паўнамоцтваў якую-кольвек інфармацыю прадстаўляць жыхарам гораду. У нас ёсць служба, якая займаецца гэтымі пытаннямі», – распавяла па тэлефоне супрацоўніца камбінату.

Служба ў асобе галоўнага санітарнага доктара Светлагорскага раёну Аляксандра Лугінца паведаміла: паветра чыстае, жыхарам нічога не пагражае.

«Абсалютна верыць нельга. Я вам гарантую, што любыя выкіды, любыя перавышэнні будуць хаваць. З гэтым сутыкаліся пастаянна ўва ўсіх гарадах, дзе дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы са шкоднымі адкідамі», – запэўнівае Аляксандр Сакалоў.

Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску пачалі будаваць 11 гадоў таму, на базе цэлюлозна-кардоннага камбінату. Падрадчыкам выступіла кітайская кампанія. Але дабудоўваў прадпрыемства канцэрн «Беллеспаперапрам». Пабочны прадукт вытворчасці беленай цэлюлозы – моцна таксічны газ метылмеркаптан. Таму супраць шкоднага прадпрыемства выступілі мясцовыя жыхары. Сярод іх – праваабаронца Алена Маслюкова:

«Экалагічная ініцыятыўная група вяла вельмі жорсткую барацьбу з уладамі ўсіх узроўняў, каб супрацьстаяць гэтым шкодным выкідам і ўвогуле эксплуатацыі гэтага заводу. Прынамсі, збольшага мы папярэджвалі пра тое, што будуць і ахвяры на гэтым заводзе, і гэта спраўджваецца, што самае сумнае».

У артыкуле пра інцыдэнт на сайце прадпрыемства паведамляецца, што гендырэктар Юрый Крук сустрэўся з семʼямі загінулых і паабяцаў, што камбінат возьме на сябе выдаткі на пахаванне. Але пытанні выклікае сама інтэрнэт-старонка: загінулі людзі, а з яе выгляду нават не скажаш, што адбылася трагедыя.

Алесь Яшчанка, «Белсат»