Нарвегія перадала Украіне 22 самаходныя гаўбіцы M109 і боепрыпасы для іх


Раней 2 дзясяткі падобных «самаходак» таго ж калібру 155 мм трапілі ва Украіну з Польшчы, і ўкраінцы рыхтуюцца купіць яшчэ 56 САУ «Краб» польскай вытворчасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чаму гэта важна?

Украіне трэба больш цяжкога ўзбраення і як мага хутчэй, заявіў сёння прадстаўнік афіцыйнага Кіева.

«Мы ўсё яшчэ бачым татальную перавагу Расеі ў цяжкай артылерыі на Данбасе. Таму наш сігнал партнёрам вельмі просты: мы ўдзячныя за тое, што вы ўжо далі, але гэтага ўсё яшчэ крытычна мала, каб спыніць Расею, не кажучы пра маштабны контрнаступ», – заявіў Дмытро Кулэба на брыфінгу.

Аб пастаўках узбраення казаў сёння ў французскім Страсбуры і спікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, запрошаны ў Еўрапарламент. Там ён атрымаў поўную падтрымку.

«Мы надалі вайсковую, фінансавую, палітычную і гуманітарную дапамогу. І будзем працягваць гэта рабіць. Нельга губляць тэмпу. Нельга губляць засяроджанасці. Нельга адвярнуцца і дазволіць прыйсці стоме ад вайны», – заявіла з трыбуны еўрапейскага парламенту ягоная старшыня Рабэрта Мэтсаля.

Найлепш гэта разумеюць краіны, якія былі пад акупацыяй Масквы.

«Вынік расейскага ўварвання ва Украіну вызначыць, ці будзем мы жыць у міры і як доўга. А мы мяжуем з Расеяй. Таму для нас важна, каб Украіна перамагла», – падкрэслівае міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.

Але грамадская думка змяняецца і ў дальніх суседзяў. У Францыі профільныя выданні абмяркоўваюць магчымасць экспарту ва Украіну ракетных комплексаў «Exocet» берагавога базавання, якія атакуюць на 180 км.

Сёння падобныя супрацькарабельныя ракеты стрымліваюць расейскія дэсантныя караблі ад дыверсійных аперацыяў або поўнамаштабнай высадкі ў раёне Адэсы.

«Праціўнік спрабуе ўтрымліваць дыстанцыю ад узбярэжжа, бо разумее, што можа быць паўтор трапляння па караблях, як па крэйсеры “Масква”. Але спрабуе наладзіць пазіцыі на часова акупаваным востраве Змяіны. Там яны паставілі некалькі сістэмаў паветранай абароны», – распавяла кіраўніца прэс-службы камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк.

Іспанія перадасць Украіне некалькі дзясяткаў танкаў «Leopard 2A4» нямецкай вытворчасці – гэта асноўны і дастаткова перадавы танк у войсках Еўразвязу. А таксама цяжкія зенітна-ракетныя комплексы «Aspide» для абароны ад авіяцыі ды ракетаў на вялікіх вышынях. На малых вышынях абарону надзейна забяспечваюць ПЗРК амерыканскай, брытанскай і польскай вытворчасці.

«ПЗРК “Пярун” паказалі сябе на полі бою. Украінцы моцна хваляць гэтую зброю. Магу сказаць аб замовах Міністэрства абароны Польшчы – мы будзем замаўляць наступныя пераносныя зенітна-ракетныя комплексы для польскага войска», – распавёў міністр абароны Польшчы Мар‘юш Блашчак.

Пастаўкі ўзбраенняў ва Украіну забяспечаць найбуйнейшы за апошнія 30 гадоў абаронны кантракт для польскіх прадпрыемстваў. У тым ліку – паўсотні перадавых самаходных гаўбіц «Краб».

«Гэта спраўджаная, тэставаная зброя. І мы ведаем, што яна будзе вельмі важнай на полі бою, хутчэй за ўсё, НА ЎСХОДЗЕ Украіны. Грошы на пастаўку гэтых узбраенняў Украіна часткова атрымлівае ад Еўразвязу. Частку плаціць са свайго бюджэту», – тлумачыць прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Менавіта заходняя артылерыя дапамагае трымаць расейскія гарматы на адлегласці. Украінскія вайскоўцы вельмі хваляць амерыканскія гаўбіцы M777 – за хуткае разгортванне, дальнабойнасць і дакладнасць трапляння. Гэтую зброю ўкраінцы называюць «Тры сякеры».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»