«Будзьма-крама» пойдзе на вымушаныя вакацыі


Гэтак выглядалі сталічныя вуліцы 10 месяцаў таму. Людзі неслі нашыя гістарычныя сцягі і апраналі вопратку з нацыянальнымі сімваламі.

Цяпер адна за адною праз ціск уладаў зачыняюцца крамы, дзе гэтыя рэчы можна было набыць.

Кажуць менчукі:

  • «Гэта ж увогуле катастрофа. Гэта лічыце, што знішчаюць нашае мінулае, нашыя касцюмы нацыянальныя».
  • «Не даюць прадаваць гэтую вопратку ды іншую атрыбутыку, праз што мы проста не бачым, колькі нас ёсць».
  • «На іх быў попыт, таму тут не павінныя вырашаць улады, што адчыняць, а што зачыняць, а людзі будуць вырашаць».
  • «Мы губляем сябе, мы фактычна губляем сябе як нацыя».

Апошнія дні працуе крама «Будзьма!», дзе прадаваліся рэчы з беларускім характарам. Зрабіць замову ў інтэрнэт-краме можна да поўначы чацвярга. Прычыну закрыцця ўласнікі не каментуюць.

Раней пад удар трапілі крамы «Князь Вітаўт», «Росквіт», «Мой модны кут», «Vokladki», БЧБ.бел, «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», «LSTR Adzieńnie», майстэрня «Moj rodny kut» ды іншыя. У краме Symbal.by напрыканцы студзеня сканфіскавалі ўвесь тавар, абсталяванне і дакументацыю, а чацвёра працаўнікоў трапілі на содні. 15 асобаў страцілі працу праз закрыццё Symbal.by. Але заснавальнік крамы не губляе надзеі на аднаўленне працы.

«Нашыя сімвалы перажылі татальную забарону на працягу 70 гадоў – з 1918 да 1990 года і выжылі. Менавіта пад гэтымі сімваламі была абвешчаная незалежнасць Беларусі. Так мы перажывем і гэтую забарону, таму што забараніць думаць і забараніць любіць сэрцам, трымаць бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоню ў сябе ў сэрцы ўжо немагчыма», – Павел Белавус, дырэктар крамы Symbal.by.

Пацвярджаюць гэта і былыя пакупнікі крамы:

«Яно ўсё адно ёсць, неяк пралазіць праз шчыліны, і я спадзяюся, будзе пралазіць. Гэта не задавіш, не заб’еш».

Мы запыталіся ў мінакоў: калі крамы ўзновяць працу, то што б яны набылі ў першую чаргу?

«Перш за ўсё наш нацыянальны сцяг. Перш за ўсё… Але ён у мяне і так ёсць».

Як і ў мільёнаў беларусаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»