Дзень памяці і перамогі над нацызмам: калі адзначаць?


Сёлета ўпершыню 8 траўня Украіна афіцыйна адзначае заканчэнне самай страшнай вайны мінулага стагоддзя. Амаль 80 гадоў свята звалася Днём Перамогі, і ўкраінцы ладзілі яго 9-га чысла. Змена адбывалася паступова і завяршылася з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля 2022 года мы выйшлі не толькі на дэкамунізацыю, а ўжо і на дэкаланізацыю. І таму валявым рашэннем прэзідэнта Зяленскага ў мінулым годзе адмовіліся ад 9 траўня і выйшлі на еўрапейскім параметр», – заўважыў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музею гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне Раман Кабачый.

Як жа так сталася, што перамога адна, а даты – розныя? Імаверна, рэч у тым, што капітуляцыя нацысцкай Нямеччыны набыла моц 8 траўня а 23:01 паводле сярэднееўрапейскага летняга часу. У Маскве гэта была ўжо першая хвіліна 9 траўня. Але гісторык Аляксандр Пашкевіч мяркуе, што прычына – выключна ідэалагічная:

«Савецкі Саюз выйграў гэтую вайну ледзьве не адзін, быццам бы без істотнай дапамогі заходніх саюзнікаў. Пра ленд-ліз ды іншыя моманты звычайна ўзгадвалі як бы мімаходзь, як пра нешта другаснае. Падкрэслівалі, што ў Савецкага Саюзу была “свая вайна”».

Літва 8 траўня адзначае Дзень памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны. Ён звычайна праходзіць без вялікіх дзяржаўных святкаванняў. Гісторык, дэпутат Сейму Літвы Валдас Ракуціс тлумачыць, што ягоная краіна «нібыта не брала ўдзелу ў той вайне». Вядома, асобныя грамадзяне ўдзельнічалі, у асноўным, на савецкім баку: 16-я дывізія ці некаторыя злучэнні ў 1944 годзе.

Пры гэтым літоўцы падкрэсліваюць: перамога над нямецкім фашызмам не зрабіла іхнай краіны вольнаю. Пасля вайны пачалася, паводле Валдаса Ракуціса, другая савецкая акупацыя. І яна працягнула ваенныя дзеі аж да 1953 года. Літоўскі партызанскі супраціў трываў яшчэ даволі доўга.

У самой Еўропе гістарычную падзею 1945 года згадваюць у розныя даты і называюць па-рознаму. У Даніі і Нідэрландах Дзень вызвалення – 5 траўня. 8 траўня ў Польшчы адзначаюць Нацыянальнае свята перамогі і свабоды, у краінах Балтыі – Дзень памяці, а ў Вялікай Брытаніі – Дзень перамогі ў Еўропе. У Расеі Дзень Перамогі – 9 траўня.

Вайскоўцы сядзяць на тэхніке ля стэлы «Менск – горад-герой». Традыцыйнае шэсце з нагоды перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Раман Кабачый лічыць, што Расея апаскуджвае гэтае свята.

«Нашто вы вашых дзяцей прыбіраеце ў вайсковыя строі? Нашто робіце танкі з дзіцячых вазкоў? Вы што так радуецеся вайне?»

Беларусь, як Расея, Казахстан і некаторыя іншыя былыя савецкія рэспублікі, святкуе Дзень Перамогі традыцыйна: пафасна, на высокім дзяржаўным узроўні. На думку гісторыка Пашкевіча, гэта пытанне гістарычных каштоўнасцяў.

«Пытанне стаіць рубам: мы ці “з гэтымі” – ці “з тымі”. Таму людзі, якія выказваюцца за еўрапейскі выбар, мусяць прыходзіць да таго, што нашая дата – гэта 8 траўня».

Між тым Лукашэнка паляцеў у Маскву на заўтрашні парад з нагоды 79-й гадавіны Дня Перамогі. У праграме – пераможная прамова Пуціна і дэманстрацыя вайсковай тэхнікі на Краснай плошчы.

Марына Яновіч, «Белсат»