Як у Еўропе адзначаюць Дзень Перамогі?


Гістарычныя змены ў гістарычных пытаннях. Украіна цалкам пераходзіць на еўрапейскі лад адзначэння 8-га і 9-га траўня. І заўтра ўкраінцы будуць адзначаць не Дзень Перамогі, а Дзень Еўропы. Але сканчэнне Другой Сусветнай вайны на еўрапейскім кантыненце ў нашых суседзяў застаецца важнай датай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ганаровая варта, Вечны Агонь. Гэта Магіла невядомага жаўнера ў самым цэнтры Варшавы. Нашыя суседзі таксама шануюць памяць продкаў, якія змагаліся супраць нацызму ад самага пачатку Другой Сусветнай вайны. Вайны, якая ў Еўропе скончылася 8-га траўня 1945-га года.

Цырымонія, прысвечаная сканчэнню Другой Сусветнай у Еўропе, у польскай сталіцы адбылася сціпла, без парадаў танкавых калонаў. Падобным чынам перамогу над нацызмам адзначылі ў чэшскай Празе і ў французскай сталіцы. Кветкі да помнікаў загінулым і выказванне пашаны жывым ветэранам. Агульная для ўсяго Еўразвязу ідэя – зрабіць усё, каб войны не паўтараліся.

Вось што кажуць жыхары і госці Бруселю:

«Я – гісторык, я дакладна ведаю, што капітуляцыю нацысты падпісалі менавіта восьмага траўня 1945 года. І я за замену некаторых царкоўных святаў на сапраўдны Дзень Перамогі, бо фактычна гэта – дзень, калі замест нацызму і фашызму прыйшла дэмакратыя».

«Наколькі я ведаю, у Расеі Дзень Перамогі святкуюць дзявятага траўня, у нас жа – восьмага. То бок менавіта ў дзень падпісання капітуляцыі Нямеччыны перад саюзнікамі».

«Мы мусім паспрыяць сканчэнню вайны Расеі супраць Украіны і папярэдзіць усе іншыя войны ў будучыні, у тым ліку згадваючы Другую сусветную вайну восьмага траўня. Дарэчы, мой бацька быў вязнем той вайны».

Але чаму ў Еўразвязе сканчэнне вайны на кантыненце святкуюць 8-га, а не 9-га? Таму што так было і ў 1945-м. Гітлераўскія войскі капітулявалі 7-га траўня, 8-га падпісалі канчатковы акт аб капітуляцыі – і тады Чэрчыль і Труман абвесцілі святкаванне. Савецкім грамадзянам ніхто пра сканчэнне вайны не паведаміў, бо Сталін запатрабаваў падпісаць дадатковы дакумент. І ён таксама быў падпісаны 8-га траўня.

«Рэальна ў гісторыі яны завяршыліся 8-га траўня, калі была падпісаная з нямецкага боку Дамова аб капітуляцыі без дадатковых умоваў. Ёсць легенда, што навіна дайшла да Масквы толькі 9-га зранку, але я думаю, гэта ад пачатку было рашэнне з боку савецкіх уладаў, што будуць святкаваць у іншы дзень», – тлумачыць Фэлікс Акерман, прафесар гісторыі з нямецкага ўніверсітэту Гагену.

Суседняя з намі Украіна ўжо 8 гадоў адзначае Дзень перамогі над нацызмам па-еўрапейску, 8-га траўня. Але як Дзень памяці і прымірэння.

«8-га траўня Украіна і свабодны свет узгадваюць пра 6 страшных гадоў у гісторыі чалавецтва, з 1939-га да 1945-га. Гады, якія забралі жыцці мільёнаў людзей, у тым ліку 8-мі мільёнаў украінцаў. Гады акупацыі і зверстваў, крывавых баёў, бамбаванняў, блакадаў і масавых забойстваў, Галакосту – усяго зла, якое нацызм прынёс усяму свету, прынёс на нашую зямлю», – так прэзідэнт Украіны звярнуўся да народу 8-га траўня.

Сёння ж Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб святкаванні 9-га траўня Дня Еўропы – гэта дзень міру і еднасці, прызначаны ў гонар Плана Шумана, у выніку якога паўстаў спачатку Саюз вугалю і сталі, а потым Еўразвяз.

Калі святкаваць, 8-га ці 9-га траўня, і як святкаваць – гэта пытанне палітычнага і цывілізацыйнага выбару, адзначаюць эксперты.

«Расея наадварот выкарыстоўвае гэты дзень як мілітарны, дзе гучыць не “Ніколі зноў!”, а хутчэй “Можам паўтарыць!”. І мы бачым, да чаго прывялі гэтыя вайсковыя парады з сучаснай тэхнікай, якая не мела ніякага дачынення да Другой Сусветнай», – падкрэслівае Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение».

«Для Расеі міф пра 9-га траўня як Дзень Перамогі застаецца вызначальным. Таму яна ўвесь час намагаецца зберагчы гэты міф у калектыўнай памяці не толькі Расеі, але і ўсіх дзяржаваў і народаў. Таму ідэі кшталту савецкага Сцягу перамогі, “Бессмяротнага палка” – гэта перадусім інструмент сучаснай прапаганды», – тлумачыць Уладзімір Тылішчак, намеснік кіраўніка Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

Вярхоўная Рада мусіць ухваліць законапраект аб змене святочных дзён да канца месяцу. Калі закон прымуць, ва Украіне 8-га траўня будзе святочным днём, а 9-га – працоўным.

«І ўвядзенне Дня памяці і прымірэння 8-га траўня, і вызначэнне сімволікі – мак Памяці – усё гэта аддзяляе нас ад савецкай спадчыны ды набліжае да Еўропы. І гэта нашая мэта – ушаноўваць памяць пра Другую сусветную вайну разам з Еўропаю», – кажа Уладзімір Тылішчак.

У Еўропе ёсць гарады, якія сёння лічацца гістарычнымі перлінамі, а падчас Другой Сусветнай вайны яны былі знішчаныя ўшчэнт. Але калі краіны дэмакратычнай Еўропы аб’ядналіся між сабой і палітычна, і эканамічна, яны зрабілі гэта, каб ніколі больш не ваяваць. І гэты лозунг «Больш ніколі!» дазволіў аднавіць разбуранае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»