Як «Сінэзіс» дапамагае Лукашэнку раскручваць беларусаў на грошы


Дзякуючы ініцыятыве «BELPOL» да нас трапіў архіў з больш як двумастамі файламі, датычнымі «Беларускіх латарэяў» – гэта і фінансавыя дакументы, і справаздачы, і дамовы. Найбуйнейшая ў галіне кампанія мае 25-цігадовую гісторыю, два дзясяткі грашовых разыгранак і шырокую сетку распаўсюду білетаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У беларускай сістэме склалася такое ўяўленне, што гэта стоадсоткавы прыбытковы бізнес, які ў спадчыну застаўся, традыцыі гэтага бізнесу – з часоў Савецкага Саюзу», – кажа экс-супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Анатоль Котаў.

Але даход «Беларускіх латарэяў» імкліва расце апошнія пяць гадоў. Гэтак, з 2018-га да 2020-га выручка кампаніі штогод павялічвалася ў дзесяць разоў – з сямі да больш як васьмісот пяцідзесяці мільёнаў. Чысты прыбытак павялічыўся з 80-ці тысячаў да шасці мільёнаў. І гэта пры тым, што рэалізацыя папяровых білетаў зніжалася. Наступныя два гады кампанія здолела атрымаць каля двух з паловаю мільярдаў рублёў, а летась мэта была зарабіць больш як шэсць мільярдаў. Асноўны даход кампаніі прыносяць онлайн-гульні «Белбэт».

Да распрацоўвання больш як трыццаці онлайн-гульняў для «Беларускіх латарэяў» спрычынілася ІТ-кампанія «Рыдота» на чале з дырэктарам Дзмітрыем Швядком. У дакументах ад «BELPOL» знаходзім інфармацыю, што «Рыдоту» рэарганізавалі з кампаніі «Сінэзіс», дзе Швядко да пэўнага часу таксама быў дырэктарам.

Дырэктар «Сінэзіс» Дзмітрый Швядко. Менск, Беларусь. 15 траўня 2018 года. Фрагмент
фота: Noc.by

«Кампанія “Сінэзіс” – гэта такі прывілеяваны ІТ-падрадчык уладаў. І сталі яны такім прывілеяваным падрадчыкам пасля таго, як у гэты бізнес увайшла сям’я АлексіныхАляксей Алексін і ягоная жонка ўвайшлі ў долю “Сінэзісу”, адной з кампаніяў “Сінэзіс”-холдынгу. І з тых часоў яны пачалі атрымліваць вялікія ІТ-замовы», – тлумачыць кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Найбольш кампанія «Сінэзіс» вядомая распрацоўваннем платформы відэаназірання, што дазваляе аналізаваць запісы і распазнаваць твары людзей – сістэмы «Кіпод».

«Менавіта дзякуючы гэтай сістэме людзей вылічваюць з натоўпу і пасля да іх у кватэры ўрываюцца карнікі, знішчаюць кватэру, людзей садзяць у турмы менавіта грунтуючыся на даведцы, што сістэма “Кіпод” вылічыла гэтага чалавека», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Праз гэта ў снежні 2020-га года «Сінэзіс» і трапіў пад еўрапейскія санкцыі, якія двойчы беспаспяхова спрабаваў аспрэчыць. Затое дачка рэарганізаванай з «Сінэзісу» «Рыдоты» – кампанія «Летытбі» – паспяхова развівае ў Беларусі онлайнавую версію папулярнай латарэі «То!Лато».

«Яны распрацавалі тое, што дапамагае рэжыму змагацца з беларусамі. І чаму б яму, “Сінэзісу”, не запрапанаваць такога роду дзейнасць, якая будзе прыносіць вялікія, дастаткова вялікія дывідэнды, вядома, як самому “Сінэзісу”, гэтак і структурам над ім», – мяркуе Уладзімір Жыгар.

Асноўны прыбытак ідзе заснавальніку кампаніі «Беларускія латарэі», якім ёсць кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Больш падрабязна пра тое, каго падтрымліваюць гэтыя грошы, глядзіце ў наступных выданнях нашай праграмы «Тыдзень». Поўны ж варыянт гэтага матэрыялу шукайце ва ўчорашняй праграме «Тыдзень» або на нашай інтэрнэт-старонцы.

Ірына Дарафейчук, Марыля Дакуцька, «Белсат»