Беларусаў завабліваюць у шэрагі ПВК Вагнэра


Добры заробак, новая амуніцыя і вялікія «магільныя» выплаты – гэтак Беларускіх хлопцаў завабліваюць у шэрагі ПВК Вагнэра. Мы пагутарылі з рэкрутынгаваю службаю кампаніі ды параўналі іхныя абяцанні з гісторыямі саміх наймітаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Заробак прапануюць не малы – 240 тыс. расейскіх рублёў, што ў доларавым выражэнні складае 2,5 тысячы. Каб атрымаць гэтыя грошы навабранцу дастаткова мець дзейны пашпарт, магчымасць выезду за мяжу і некалькі медычных даведак: аб адсутнасці ВІЧ, гепатыту і сіфілісу. Даведкі ад псіхіятра і нарколага, якія былі патрэбныя раней, цяпер не трэба.

Умовы нібыта прывабныя, але за што плацяць такі заробак?

«Гэта гарматнае мяса, якое кідаецца перад рэгулярнымі расейскімі падраздзяленнямі. Звычайна – перад больш гатовымі прафесіяналамі з мэтай захаваць жыццё і здароўе апошніх», – кажа вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

З беларускіх наймітаў у Групе Вагнэра фармуюць штурмавыя атрады. Больш кемлівыя могуць трапіць у атрад кіравання беспілотнікамі – гэтых спецыялістаў часта камандзіруюць у Афрыку. Аднак большая частка навабранцаў застаецца звычайнымі «салдатамі» – іх адпраўляюць ваяваць як у Афрыку, так і ва Украіну.

Выбраць кірунак баец можа сам, але рашэнне трэба прыняць да моманту падпісання кантракту. Змяніць пазней немагчыма. Пра гэта ў прыватнай размове нам распавёў былы вагнэравец:

«Калі не хочаш прыйсці “двухсотым”, дык трэба адпрацаваць. За адступленне без загаду, алкаголь, марадзёрства, згвалтаванні – могуць “абнуліць”».

Заробкі на абодвух кірунках – у Афрыцы і ва Украіне – аднолькавыя; а вось рызыкі – не. Імавернасць загінуць у апошняй больш высокая, таму ахвочых скіравацца ваяваць у суседнюю краіну няшмат.

«Ніхто ў сваім розуме не хоча ехаць “двухсоціцца” ва Украіну. Калі туды хто едзе, дык гатовы там застацца. Сам не верыў, што вярнуся», – дадае былы баец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інструктар ПВК Вагнэра на занятках з беларускімі вайскоўцамі ў ліпені 2023 года.
Фота: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Тэрміны «абнуліцца» і «задвухсоціць» – сінонімы. На вайсковым жаргоне гэта значыць «загінуць». Сваякам вагнэраўцаў, якія страцілі жыццё падчас выканання кантракту, абяцаюць выплаціць 5 мільёнаў расейскіх рублёў – ці 54 тысячы ў доларавым эквіваленце.

Аднак самое атрыманне грошай – і заробку, і пасмяротных выплатаў – супярэчыць заканадаўству.

«Прадугледжаны артыкулы як за вярбоўку для наёмніцтва, так і за вярбоўку для ўдзелу ў іншых узброеных фармаваннях ды канфліктах на тэрыторыі замежных дзяржаў. Да 10 гадоў пазбаўлення волі можа быць адказнасць, але ў залежнасці ад таго, што паспеў канкрэтны беларус зрабіць падчас удзелу ў такой арганізацыі, тэрмін можа быць павялічаны да 25 год ці пажыццёвага», – адзначае адказны ў справе ўнутранай палітыкі і дзяржаўнага кіравання НАУ Арцём Праскаловіч.

Зрэшты, рэкрутэры Групы Вагнэра пераконваюць, што праблемаў з атрыманнем грошай не ўзнікне. А пры належным спрыце рызыка памерці не такая і вялікая.

Кажуць, што абараніць жыццё дапаможа новая амуніцыя. Але і тут ёсць нюансы: бывалыя байцы рэкамендуюць сваякам «навічкоў» даваць тым грошы – каб байцы мелі магчымасць асабіста дакупіць сабе экіпіроўку, якой не стае.

Прысутнасць ПВК Вагнэра ў Беларусі пакуль трымаецца толькі на слове Лукашэнкі. Паўнавартасных рэкрутынгавых цэнтраў у Беларусі пакуль няма – запіс у войска ідзе праз Маскву. Пры гэтым дзейнасць ПВК Вагнэра ў Беларусі вядзе: займаецца баявым рыхтаваннем салдатаў і нават мае дзіцячы летнік.

«На сённяшні дзень прадстаўніцтва ПВК Вагнера застаецца ў Беларусі і займаецца навучаннем: перадае перадавы досвед вядзення баявых дзеянняў беларускім вайскоўцам, каб яны маглі супрацьстаяць украінцам і беларускаму народу. Іх – каля 300 чалавек па ацэнках экспертаў», – дадае Арцём Праскаловіч.

Цяперашні набор у шэрагі ПВК Вагнэра стаўся самым маштабным за апошнія два гады. Колькі беларусаў звярнуліся па такую працу – невядома.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»