Чарговыя сакрэтныя звесткі з Пентагону трапілі ў сеціва


Пра новы выцек сакрэтных матэрыялаў з Пентагону паведамляе The New York Times. Згодна выданню, у інтэрнэце з’явілася сакрэтная інфармацыя з брыфінгаў, датычных Кітаю, Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, Блізкага Усходу, супрацьдзеяння тэрарызму. А таксама мапа Бахмуту, за які ідуць працяглыя баі. Усяго блізу ста дакументаў. Кіраўніцтва Пентагону праводзіць разбор, каб высветліць крыніцу выцеку.

«Я не ведаю, дасягненне гэта расейскай выведкі, або гэта менавіта выцек за кошт нейкіх людзей знутры сістэмы, якія скінулі інфармацыю знаёмым журналістам, блогерам», – разважае эксперт у пытаннях бяспекі, былы афіцэр Міжнароднага кіраўніцтва паліцыі Ізраілю Сяргей Мігдаль.

Адметна, што гэта ўжо другі выцек сакрэтнай інфармацыі з Пентагону за апошні час. Першы адбыўся пяць тыдняў таму, але шырока вядома пра яго стала толькі днямі.

«Самыя першыя дакументы зʼявіліся напачатку сакавіка – кажа палітолаг Ян Весялоў. – Што яшчэ больш смешна, яны зʼявіліся на серверах Discord, якія выкарыстоўваецца для каардынацыі ў розных кампутарных гульнях. У прыватнасці гэтыя дакументы былі на серверах Minecraft».

У тых дакументах, між іншага, вялася гаворка пра дэталі рыхтавання веснавога контрнаступу ЗСУ. У прыватнасці – называлася колькасць украінскіх вайскоўцаў і брыгадаў, якія да першага траўня будуць поўнасцю ўкамплектаваныя паводле стандартаў NATO. Зрэшты, вайсковы эксперт Алег Жданаў не бачыць у гэтым праблемы:

«Усё пералічанае ў дакументах ёсць у адкрытым доступе. Хто не ведае, што Украіна фармуе гвардыю наступлення? Хто не ведае вынікі Рамштайну – пастаўкі нам тэхнікі ад краін партнёраў?»

Пры гэтым, паводле крыніцаў The New York Times з адміністрацыі прэзідэнта ЗША, частка распаўсюджаных звестак была сфальсіфікаваная. Напрыклад, заніжаная колькасць стратаў жывой сілы расейцаў ды завышаная – ва ўкраінцаў. Згодна Міхайлу Падаляку з Офісу прэзідэнта Украіны, гэта сведчыць пра кампанію дэзынфармацыі, якую ладзяць расейцы:

«Калі ў вас ёсць працоўны канал атрымання выведных звестак з Пентагону, вы не будзеце яго нішчыць дзеля аднадзённага інфармацыйнага драйву. Калі вы маеце інфармацыю пра ўзровень забеспячэння і ваенныя планы праціўніка, вы зробіце выгляд, што яе ў вас няма. Калі вы спрабуеце рабіць выгляд, што ведаеце, значыць, вы нічога не ведаеце. Гэта блеф, пыл у вочы».

Сяргей Мігдаль пагаджаецца, што большасць інфармацыі, якая трапіла ў агульны доступ, была вядомая і раней. Але сапраўднаю праблемаю для Міністэрства абароны ЗША, на ягоную думку, можа быць сам факт выцеку сакрэтных звестак.

«Такога роду выцекі паказваюць, што кепскія справы з аховай інфармацыі. Гэта ўскладняе абмен інфармацыяй паміж рознымі краінамі-хаўруснікамі і арганізацыямі. Таму што пабачыўшы такое, усе трымаюць інфармацыю пры сабе і не спяшаюцца ёю дзяліцца», – мяркуе Сяргей Мігдаль.

Былы высокапастаўлены супрацоўнік Пентагона Мік Малрой назваў выцек «значным праломам у бяспецы». Аднак Міхайла Падаляк у сваім Twitter запэўніў, што планы ўкраінскага контрнаступу сарваныя не будуць. Расейскія вайскоўцы азнаёмяцца з імі. І ў хуткім часе.

Ян Федаровіч, «Белсат»