«Дзеці крычаць. Мамы крычаць. Там жа з дзецьмі столькі было». Расея ўдарыла па Краматорскім вакзале


Прынамсі 50 забітых і каля сотні параненых. Пра такую колькасць ахвяраў у выніку ракетнага ўдару па чыгуначным вакзале ва ўкраінскім Краматорску называе старшыня Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка. На момант абстрэлу тысячы мірных жыхароў знаходзіліся на станцыі ў чаканні эвакуацыі. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ракета «Точка -У», якой быў здзейснены ўдар, нібы выкарыстоўвалася толькі ўкраінскімі вайскоўцамі. Адмыслоўцы CIT ды іншыя эксперты аспрэчваюць гэтае меркаванне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На чыгуначным вакзале ў Краматорску сёння раніцай сабраліся тысячы асобаў, гэтаксама, як і днямі раней. Калі людзі грузіліся ў вагоны, па іх трапіла ракета з касетным боепрыпасам.

«Раптам хтосьці крычыць “Падайце!” Усіх сталі на падлогу пхаць. Чую выбухі. І крык неймаверны. Дзеці крычаць. Мамы крычаць. Там жа з дзецьмі столькі было», – распавяла жыхарка Краматорску, якая была ў будынку вакзала.

Рэдакцыя «Белсату» вымушаная зарэтушаваць відэа з месца падзеяў, знятае адразу пасля трапляння ракеты. Але яно не выклікае сумневаў. На месцы загінулі дзеці, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю.

«Тут было шмат забітых, шмат параненых. Хуткая дапамога, паліцыя, пажарнікі. Побач гарэлі машыны. Гэта было пекла», – кажа Аляксандр Качура з прэс-службы Краматорскай адміністрацыі, які вывозіў параненых на сваёй машыне.

На фота і відэа, якое мы не можам паказаць з этычных прычынаў, ёсць факты траўматычнай ампутацыі галавы, ампутацыі рук, ёсць целы, на якіх цалкам абгарэла вопратка.

«У іх ва ўсіх аскепкавыя раны. Вось такія паразлівыя элементы тут валяюцца. Імі і пазабівала людзей. Амаль 40 чалавек тут загінула адначасова», – распавядае Аляксандр Качура.

Ракета, якой ударылі па вакзале – «Точка-У». Яе вызначылі па хваставой частцы, якая цэлай упала ў Краматорску.

«Точка-У» – кіраваная на працягу ўсяго палёту і даволі дарагая ракета. Яе немагчыма запусціць усляпую.

«Удары па цывільнай інфраструктуры – гэта ваеннае злачынства. У Краматорску былі высокадакладныя ракеты, скіраваныя на людзей, якія спрабавалі знайсці гуманітарны прытулак», – заявіў у сувязі з расейскім ракетным ударам міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс.

Масква, як звычайна, усё адмаўляе праз Міністэрства абароны і Дзмітрыя Пяскова.

«Нашыя ўзброеныя сілы такі тып ракетаў не выкарыстоўваюць. І ніякіх баявых задач у Краматорску не было і не планавалася», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

Гэта відавочная няпраўда. Краматорск быў пад абстрэламі расейскіх войскаў ад пачатку масавай агрэсіі ў лютым. А расейскія «Точки-У» былі апазнаныя ў Беларусі ў паходным становішчы. Гэтыя ж ракеты расейскія і беларускія генералы запускалі ў межах вучэнняў з палігону Палескі ў лютым незадоўга да нападу Расеі на Украіну.

«Я запрасіў сёння ўкраінскага вайсковага аташэ, каб паказаць, што мы ні ў якім выпадку не пагражаем нашай суседняй краіне, а проста трэніруем свае войскі і глядзім, як мы можам забяспечыць сваю бяспеку», – заяўляў 15 лютага пасля пускаў ракет «Точка-У» Віктар Хрэнін, міністр абароны ва ўрадзе Лукашэнкі.

Такія ж пускі ракетаў запісалі на відэа жыхары гораду Шахцёрск, на тэрыторыі так званай ДНР. І амаль адразу пасля публікацыяў гэтых відэа адбыўся ўдар па Краматорску.

«Вораг, маючы свае сродкі назірання і выведкі, дакладна разумеў, што гэта чыгуначны вакзал, што гэта горад, што там сабраліся людзі. Гэта зроблена выключна для таго, каб людзі не выязджалі з тэрыторыі вобласці», – тлумачыць кіраўнік Данецкай вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

Улады ўсходніх вобласцяў Украіны рэкамендавалі жыхарам эвакуявацца, бо чакаецца новы напад расейскіх сілаў.

«Ідзе вялікая перагрупоўка. Да нас (у вобласць) завозяць вялізную колькасць і тэхнікі, і асабовага складу. Чамусьці мы пакуль бачым і ратацыю, ганяюць яны гэтую тэхніку з боку ў бок«, – распавёў «Белсату» кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Арганізаваная эвакуацыя з усіх населеных пунктаў каля лініі размежавання.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»