«10 грамадска-палітычных выданняў не маюць магчымасці друкавацца». Улады працягваюць супрацьстаянне


Інфармацыйнае супрацьстаянне, як і абяцаў Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новага міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, узмацняецца. З ліпеня «Белпошта» выкрэслівае часопісы «Наша гісторыя», «Асцярожна: Дзеці!» і «Дуду» з падпісных каталогаў. Выдавецтва плануе стварыць уласную сетку распаўсюду.

Шукаем менеджара для распаўсюду «Нашай гісторыі». Гэта аб’ява на старонцы «Нашай нівы». З другога паўгоддзя «Белпошта» не будзе распаўсюджваць часопіс «Наша гісторыя» і дзіцячыя выданні «Асцярожна: Дзеці!» і «Дуда». Раней прадаваць часопісы ў шапіках адмовіўся«Белсаюздрук». Выданне плануе стварыць уласную сетку падпіскі.

«Мы пачынаем збіраць інфармацыю пра ўсіх патэнцыйных падпісчыкаў, каб, пачынаючы з ліпеня, з 7-га нумара, прысылаць ці прывозіць гэтыя нумары і аддаваць іх у рукі. Спадзяемся, што за кошт агульнай салідарнасці наклад не зменшыцца, а ў ідэале нават павялічыцца», – кажа кіраўнік «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.

Пакуль на «Нашу гісторыю» ды іншыя незалежныя выданні з каталогу «Белпошты» можна аформіць падпіску для палітзняволеных. Зрабіць гэта можна ў кожным аддзяленні пошты. Аднак з ліпеня перадаваць «Нашу гісторыю» ў турмы можна будзе выключна праз адваката ды са згоды следчага.

«Пасля падзеяў жніўня 2020 шэраг выданняў сутыкнуліся з вялікімі праблемамі альбо з друкам, альбо з распаўсюдам. На дадзены момант мы маем 10 грамадска-палітычных выданняў, якія не маюць магчымасці друкавацца альбо іх выкінулі з сетак распаўсюду, як гэта здарылася з «Нашай гісторыяй», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

З леташняга жніўня дзяржаўныя манапалісты «Белпошта» і «Белсаюздрук» адмовілі ў распаўсюдзе незалежным выданням «Комсомольской правде» в Беларуси», «Народнай волі», «Новаму часу» ды шэрагу іншых. Пяці незалежным выданням дзяржаўныя друкарні адмовілі ў друку. Спаслаўшыся на прэтэнзіі на высокім узроўні, «Народную волю» не прынялі ў друк адразу дзве маскоўскія друкарні. Міністэрства інфармацыі не будзе замінаць недзяржаўным і замежным медыям, калі іх дзейнасць не супярэчыць дзяржаўным інтарэсам, заявіў новы міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Аднак ён выказаў незадаволенасць іх фінансаваннем.

«У нас дзейнасць замежных СМІ падаецца як праца незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Але не залежных ад каго? Ад беларускай дзяржавы? Але ў той жа час вельмі залежных ад іншых дзяржаваў і фондаў, якія іх спансуюць», – заявіў міністр інфармацыі.

«Магчыма, улады шукаюць нейкае замежнае фінансаванне, але трэба не забываць, што замежнае фінансаванне ў нас забароненае шмат гадоў. І беларускія выданні не могуць гэтыя выданні атрымліваць», – падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Як ведамства плануе будаваць дачыненні з незалежнымі медыямі, новы міністр інфармацыі не ўдакладніў. А той факт, што за кратамі застаюцца 12 незалежных журналістаў, якія пацярпелі за сваю прафесійную дзейнасць, застаўся па-за ўвагай чыноўніка.

Ігар Станкевіч, «Белсат»