Польшча плануе ўзмацніць пакаранне за згвалтаванне


Смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы падштурхнула польскіх палітыкаў сур’ёзна ўзяцца за ўзмацненне пакарання за згвалтаванне. Напярэдадні ў польскім Сейме прайшлі дэбаты ў тым ліку аб вызначэнні самога паняцця згвалтавання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі б Дорʼян С. не забіў Лізаветы, а толькі б згвалтаваў і пакінуў яе ў браме, то з досыць вялікаю імавернасцю атрымаў бы ўмоўны тэрмін», – казала напярэдадні ў польскім Сейме суаўтарка новага законапраекту Аніта КухарскаДзедзіц:

«Гэты законапраект прызнае згвалтаванне злачынствам, а не правапарушэннем, як цяпер. Ён адмяняе прэзумпцыю згоды і неабходнасць ахвяры даказваць, што вінаваты нясе адказнасць за нанясенне ёй шкоды. Гэты праект замест таго, каб шукаць апраўданне злачынцу, называе згвалтаванне згвалтаваннем, што дае сексуальную аўтаномію на падставе волі або яе адсутнасці».

Закон, які можа змяніць лёс сотняў і нават тысячаў польскіх жанчын, – такія довады агучвалі дэпутаты, якія выступаюць за ўзмацненне пакарання для гвалтаўнікоў. Бо сённяшнія нормы, прапісаныя ў заканадаўстве, фактычна кажуць, што польская жанчына заўсёды згодная на секс, падкрэсліваюць аўтары законапраекту. А калі не, то мусіць паказаць, наколькі моцна не жадае гэтага, ды падаць дзеля гэтага адпаведныя доказы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі Сейм.
Фота: sejm.gov.pl

«Адсутнасць супраціву не азначае згоды, адсутнасць крыку не азначае згоды, маўчанне таксама не азначае згоды. Алкагольнае ап’яненне не азначае згоды. Смелае адзенне не азначае згоды. Высокія абцасы таксама не азначаюць згоды. Толькі выразная і свядомая згода азначае згоду на сексуальны кантакт», – заявіла ў парламенце дэпутатка парламенту ад «Трэцяй дарогі» Жанэта ЦвалінаСьлівоўска.

На сённяшні момант у Польшчы за згвалтаванне злачынцу пагражае максімум 12 гадоў турмы, аднак зазвычай суды выносяць больш мяккія прысуды. Аўтары законапраекту прапаноўваюць выкрасліць з артыкулу Крымінальнага кодэксу абавязковую наяўнасць гвалту, пагрозы ці падману дзеля схілення асобы да сексуальнага кантакту, пры гэтым увесці абавязковае паняцце добраахвотнай і свядомай згоды на палавыя зносіны, а мінімальнае пакаранне за такое злачынства павялічыць з двух да трох гадоў. Праект у парламенце падчас дэбатаў прынялі не ўсе дэпутаты. Ды прыкладу, дэпутат Канфедэрацыі Гжэгаж Плачэк зазначыў:

«Не трэба ўносіць у Крымінальны кодэкс новыя змены, якія выклікаюць шмат сумневаў. Ці сапраўды мы хочам, каб кожнага чалавека лічылі патэнцыйным гвалтаўніком толькі таму, што ён не зафіксуе загадзя свядомай згоды на сексуальны кантакт? Давайце не выплюхваць з вадою дзіця!»

Наколькі новы закон, калі яго прымуць, сапраўды можа павялічыць колькасць фальшывых заяваў аб зґвалтаванні? Аўтар інстаграм-акаўнту «PoPrawnie», адвакат Кшыштаф Крупа падкрэслівае, што закон толькі пашырыць катэгорыі дзеянняў у дачыненні патэнцыйнай ахвяры, якія можна будзе трактаваць як згвалтаванне:

«У цэлым сітуацыя выглядае такім чынам, што калі мы зменім паняцце згвалтавання, то нібыта кожны сексуальны акт будзе лічыцца гвалтоўным. Гэта хутчэй аргумент праціўнікаў гэтай рэформы, якія не да канца ведаюць праблему, пра якую гавораць. Не так і проста некага абвінаваціць у здзяйсненні такога злачынства. Нагадаю, што абгаворваць кагосьці, абвінавачваючы ў здзяйсненні такога злачынства, само па сабе ёсць злачынствам».

А як такі закон можа паўплываць на сітуацыю ў самім грамадстве?

«Калі не прапісаць канкрэтных момантаў доказаў гэтага факту, ён можа быць трактаваны як маніпуляцыя з боку жанчыны ў адносінах да мужчыны. Ну, бо можна маніпуляваць. У прынцыпе, для любога чалавека, які мае ўладу і хоча дамінаваць над іншым, такі інструмент, як пакаранне, можа быць выкарыстаны», – падкрэслівае клінічны псіхолаг Азалія Аліева.

Змены ў заканадаўстве, лічаць у польскім Міністэрстве юстыцыі, абавязковыя, бо да іх абавязвае Стамбульская канвенцыя. Апошняя прадугледжвае мінімальныя стандарты для еўрапейскіх урадаў адносна перадухілення, абароны і судовага пакарання за згвалтаванне жанчын. Перад тым як законапраект прымуць, ён мусіць прайсці праз іншыя інстанцыі ды імаверныя дапрацоўкі.

Віталь Бабін, «Белсат»