Чаму беларусы сталі менш купляць новыя аўтамабілі?


Продаж новых аўтамабіляў у нашай краіне знізіўся. Пра гэта сведчыць інфармацыя Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Калі летась у студзені беларусы набылі амаль 2290, то ў гэтым годзе за аналагічны перыяд – 756 машынаў, ці на на 67% меней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы патэлефанавалі дырэктару Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, вядома, не называючыся журналістамі «Белсату», і запыталі, з чым гэта звязана.

«З санкцыйным ціскам многія брэнды проста не пастаўляюць цяпер ні прадукцыю, ні падтрымку. Ні ў Расею, ні ў Беларусь», – адказаў генеральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Кірыл Пількевіч.

Сыход даступных і папулярных марак можа быць відавочнаю прычынаю зніжэння пакупніцкага попыту. Праўда, пустыя нішы намагаюцца запоўніць кітайскія аўтамабілі. Вось толькі цэны на іх уражваюць. Тыя ж «Geely» айчыннай вытворчасці за год дадалі ў кошце ад 10 да 33 адсоткаў, у залежнасці ад мадэлі. Напрыклад, за «Atlas Pro» у лютым 2022 года трэба было выкласці 67 000 рублёў. Цяпер жа кошты пачынаюцца ад 74 000 рублёў.

«Рост коштаў на аўтамабілі “Geely” звязаны са спекулятыўнымі матывамі і ростам манапалізацыі беларускага аўтамабільнага рынку. Пасля сыходу з беларускага рынку еўрапейскіх і амерыканскіх вытворцаў кітайскія вытворцы спрабуюць максімізаваць прыбытак і проста падвышаюць кошты на імпарт камплектуючых і на машынакамплекты для беларускага прадпрыемства», – патлумачыў навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль.

У хуткім часе ў «Geely» з’явіцца канкурэнт. Холдынг «Атлант-М» збіраецца прывезці ў Беларусь чарговага кітайца – аўтамабільны брэнд «Jetour». Вядома, што збіраць яго будуць у Казахстане. Пра кошты казаць пакуль рана. У холдынгу вельмі прыблізна ведаюць пра тэрміны, калі аўта можа з’явіцца ў продажы:

«Па прывозу гэта, магчыма, будзе сакавік. Гэта, зноў жа, меркаваныя тэрміны. Па гарантыі, па кошце, на жаль, наогул ніяк не зарыентую. Гарантыя, магу выказаць здагадку, будзе каля 100-150 тысячаў, альбо каля 4 гадоў».

Зрэшты застаюцца прапановы расейскага аўтапраму. Пад выглядам прыватнага пакупніка мы тэлефанавалі ў адзін са сталічных аўтасалонаў «Lada»:

«Vesta у седане. У нас…4 аўтамабіля засталося. Усе чорныя. У іх цана 41 900. Камплектацыя Classic Start. Гэта каля базавая камплектацыя. Там будзе кандыцыянер. Пярэднія шклапад’ёмнікі. Абаграванне і рэгуляванне бакавых люстэркаў. Груба кажучы, усё».

Але хто можа дазволіць сабе аўтамабіль за такую цану? 41 900 беларускіх рублеў – гэта 15 428 долараў ЗША. Паводле Белстату, сярэдні заробак па краіне летась у снежні склаў 750 долараў. Пры самым грубым падліку, з такім заробкам на новую «Vesta» давядзецца адкладаць больш за паўтара года. І больш сабе нічога не набываць.

«Што тычыцца “Lada”, для мяне гэта як самы горшы салат на стале. Рэпутацыя ў іх не з лепшых. Для мяне ганебна садзіцца ў гэтую машыну. Скажу так: “Lada” – гэта адстой!» – падзяліўся меркаваннем уласнік «Серж-Аўта» Сяргей Пруднікаў.

Згодна з вынікамі апытання сярод чытачоў «Белсату» толькі 7% могуць набыць сабе новенькі аўтамабіль. 3% адсоткі не робяць гэтага, бо няма патрэбнай мадэлі. Для большасці (85 %) кошты сапраўды кусаюцца. На думку Алега Мазаля, прычынаю падзення пакупніцкага попыту можа быць і масавая міграцыя беларусаў праз рэпрэсіі.

З Беларусі сыходзяць буйныя кампаніі ў IT-сферы, прадстаўніцтвы міжнародных карпарацыяў. З’язджае пад уплывам рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі найбольш адукаваная частка насельніцтва. То бок менавіта тыя спажыўцы, якія маглі дазволіць сабе новыя аўты, патлумачыў Алег Мазоль.

Як варыянт, беларусы набываюць патрыманыя аўтамабілі. У гэтым няма нічога ганебнага, падкрэслівае аўтаэксперт Сяргей Пруднікаў. Праблема – у даступнасці абслугоўвання такіх аўтамабіляў.

«У Беларусь аўтазапчасткі ўвозяцца вельмі абмежаванай колькасцю. І ад гэтага пакутуе якасць абслугоўвання аўтамабіляў. У выніку чаго вялікія рызыкі, што аўто можа зламацца на дарозе ды дзе заўгодна», – дадаў Сяргей Пруднікаў.

Паводле эксперта, такія аўтамабілі могуць несці рызыку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»