Першая ўзнагарода на Алімпіядзе: Антон Смольскі заваяваў срэбны медаль


Першая ўзнагарода на Алімпіядзе. Беларускі біятланіст Антон Смольскі заваяваў срэбны медаль. Смольскі – падпісант праўладнага ліста спартоўцаў. Засвяцілася ў алімпійскай вёсцы і яшчэ адна адданая рэжыму асоба – журналістка БТ Ганна Эйсмант.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод спартоўцаў, што падтрымалі народ у 2020 годзе, Антона Смольскага не было. Памылкаю называе такі ўчынак Антона ды іншых «праўладных» атлетаў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Ён перакананы: яны зрабілі няправільны ўчынак тым, што не змаглі процістаяць, свае прынцыпы адстаяць. І вось таму яны як спартоўцы проста не ўспрымаюцца.

Менавіта гэтым, на думку Аляксандра, тлумачыцца незвычайна нізкае сёлета падтрыманне беларускіх алімпійцаў з боку заўзятараў-землякоў. З’явілася і інфармацыя, што чальцам беларускай дэлегацыі забаранілі размаўляць з замежнымі журналістамі. Аднак пазней высветлілася, што гаворка ідзе толькі пра кантакты па-за межамі мікс-зоны.

Алег Гаруноў галоўны рэдактар «ТРЫБУНА DIGITAL» лічыць, што гэта – не самая вялікая праблема, таму што сярод беларускіх алімпійцаў – не так шмат зорак, да якіх супер-інтарэс.

«Ну, так, ёсць Алімбекава, але я не думаю, што яна ўяўляе нейкую вялікую цікавасць для журналістаў па-за межамі Беларусі і Расеі», – дадаў ён.

І прагнозы для беларускай каманды на гэтай Алімпіядзе, на меркаванне Алега Гарунова, даволі сціплыя:

«Мне здаецца, што на гэтай Алімпіядзе ў нас будзе 1-2 медалі. Мы яшчэ можам штосьці пачакаць ад жаночай каманды ў біятлоне. Можа, штосьці здарыцца з Гуськовай, і яна прадэманструе топ-вынік».

Тым часам стала вядома, што Беларускі фонд спартовай салідарнасці запатрабаваў пазбавіць алімпійскай акрэдытацыі журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ганну Эйсмант. Яна разам з хаўруснікамі была ўвечары 12 лістапада 2020 года на менскай плошчы Пераменаў, калі там збілі да смерці Рамана Бандарэнку. Беларускі фонд спартовай салідарнасці мае намер зрабіць усё, каб тым, хто браў удзел у гэтых злачынствах, – рэальна не так проста жылося.

Зімовая Алімпіяда ў Пекіне працягнецца да 20 лютага. Ці будуць новыя перамогі беларускай зборнай ці новыя скандалы – пабачым.

Марына Яновіч, «Белсат»