Беларускі кантынгент у Сірыі – хто паляціць у Хмеймім?


Замест беларускіх вайскоўцаў у Сірыю паедуць беларускія медыкі – але толькі калі ў Беларусі спадзе хваля захворванняў каронавірусам. Прынамсі, такую заяву зрабіў сёння Аляксандр Лукашэнка, назваўшы фэйкам навіну пра скіраванне на расейскія авіябазы ў Сірыі беларускага вайсковага кантынгенту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ці адправяць у Сірыю 200 беларускіх вайскоўцаў? Лукашэнка кажа, што не. На сённяшнім паседжанні Савету Бяспекі – з кіраўніцтвам сілавых структураў, Цэнтрвыбаркаму і Савету Рэспублікі, Аляксандр Лукашэнка эмацыйна адрэагаваў на публікацыю адпаведнага распараджэння расейскага ўраду.

«Учора чарговы фэйк, што нібыта расейскі ўрады вырашыў ажно паслаць нашых вайскоўцаў у Сірыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што паводле сённяшніх законаў гэта немагчыма без прэзідэнта. Але я нікога туды не пасылаў», – пераконваў падначаленых Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што гэта ён сам раней прасіў расейскі ўрад дапамагчы матэрыяльна, калі ён скіруе ў Сірыю вайсковых медыкаў. Напрыклад, пазычыць шпіталь.

Вось гэта – афіцыйны дакумент з афійцыйнага парталу прававой інфармацыі Расейскай Федэрацыі, распараджэнне Ўраду РФ ад 3 лютага 2022 г., №165-р.

«Ухваліць прадстаўлены Мінабароны Расеі… і папярэдне прапрацаваны з Беларускім Бокам праект Пагаднення між Урадам РФ і Урадам Рэспублікі Белоруссія аб супрацы ў галіне аказання гуманітарнай дапамогі Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы». Подпіс – старшыня Ўраду РФ Міхаіл Мішусцін. Калі гэта – фэйк, то што тады не фэйк?

У дакуменце, які папярэдне ўзгаднілі, але не падпісалі расейскае і беларускае міністэрствы абароны, не ідзе гаворка пра медыкаў. Распараджэнне прадугледжвае, што да 200 беларускіх вайскоўцаў паляцяць у Сірыю, каб дыслакавацца на расейскіх авіябазах – кшталту Хмейміма, у мэтах гуманітарнай дапамогі Сірыйскай Арабскай рэспубліцы. Са зброяй, боепрыпасамі і баявой тэхнікай. У апублікаваны праект пагаднення можна ўносіць толькі змены, якія не маюць прынцыповага характару.

Гэты дакумент – моцны іміджавы ўдар Масквы па Лукашэнку, які паказвае, што пытанні стратэгічнай супрацы ён больш не кантралюе, тлумачыць беларускі палітолаг Павел Усаў:

«Калі мы кажам пра вайскова-стратэгічную супрацу, то часта можна пабачыць, што ён ставіцца проста перад фактам, які ўжо адбыўся, калі рашэнні былі прынятыя раней маскоўскім кіраўніцтвам, і яны выстаўляюць іх ужо як ультыматум».

Магчымую адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Сірыю асудзіла і Святлана Ціханоўская, удзельніца прэзідэнцкіх выбараў.

«Лукашэнка расплачваецца з Расеяй суверэнітэтам Беларусі за падтрыманне, якое ён атрымаў у 2020 годзе і якое дапамагло яму застацца ва ўладзе», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Сёння ж міжнародная экспертная ініцыятыва iSANS паведаміла, што мае інфармацыю са сваіх крыніцаў аб беларускіх ваенных лекарах і вайскоўцах на адной з расейскіх база ў Сірыі. Яны нібыта дыслакуюцца там з восені 2021 года.

Як мяркуе Павел Усаў, Лукашэнка цягне Беларусь у васальнае становішча адносна Расеі – і ў Сірыі, і ў Казахстане, і падчас вучэнняў «Саюзная рашучасць», якія ва Украіне ўспрымаюць як пагрозу атакі з беларускай тэрыторыі.

«Расея зацікаўленая ў тым, каб Беларусь і людзскія рэсурсы Беларусі былі ўцягнутыя ў нейкія вайсковыя гібрыдныя аперацыі на знешніх рубяжах РФ. Для Расеі важна, каб за яе інтарэсы гінулі іншыя», – тлумачыць палітолаг.

У Крамлі абяцаюць, што расейскія войскі не застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў.

«Ніхто ніколі не казаў, што расейскія войскі будуць заставацца на тэрыторыі Беларусі, пра гэта ніколі размовы не ішло. Гаворка ідзе пра сумесныя вучэнні, і маецца на ўвазе, што па сканчэнню гэтых вучэнняў войскі вернуцца ў месца сваёй пастаяннай дыслакацыі», – заявіў сёння прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Разам з тым, расейскія вайскоўцы і баявая тэхніка ўжо праводзяць у Беларусі баявыя дзяжурствы. Гэта ў тым ліку авіяцыя і зенітна-ракетныя комплексы С-400. Запланавана, што частка тэхнікі разам з расейскім вайсковым персаналам застанецца ў Беларусі ў так званых супольных вучэбна-баявых цэнтрах. Супольнасць расследавальнікаў «Informnapalm» паведамляе, што пад выглядам гэты цэнтраў у Беларусі фактычна з’яўляюцца гібрыдныя расейскія вайсковыя базы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».