Смяротная кара можа пагражаць чыноўнікам і вайскоўцам за «здраду дзяржаве»


«Прыняцце захадаў папераджальнага характару за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці». Такім чынам дэпутаты адсправаздачыліся пра сваю новую заканатворчаю дзейнасць. Дзякуючы іхным высілкам смяротную кару за «здраду дзяржаве» можна будзе ўжываць адносна вайскоўцаў, а таксама службовых асобаў, якія займаюць дзяржаўныя пасады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта спроба застрашыць, папярэдзіць дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў, што іх будзе чакаць не толькі магчымы крымінальны пераслед, але і смяротнае пакаранне, – упэўнены палітолаг Дзмітрый Балкунец. – Чакаць, што падобныя прысуды будуць вынесеныя, я б не стаў. Але імавернасць гэтага будзе існаваць. Рэжым Лукашэнкі будзе дэманстраваць сваім патэнцыйным ворагам, што ён з імі можа зрабіць».

Адметна, што ў якасці бізуна для нелаяльных сістэме выступае менавіта смяротнае пакаранне. Беларусь застаецца адзінаю краінай у Еўропе, якая ўжывае такую меру.

«Тое, пра што мы, праваабаронцы, увесь час крычым, што існаванне і практыка смяротнага пакарання – гэта вялікая праблема грамадства, якая тычыцца кожнага з нас і выяўляецца ў такіх заканадаўчых ініцыятывах, якія неўзабаве могуць рэалізавацца на практыцы», – кажа праваабаронца Андрэй Палуда.

Трапіць пад новыя правілы могуць любыя асобы, якія ўваходзяць у кадравыя рэестры Савету Міністраў і гэтак званага прэзідэнта. Напрыклад, Лукашэнка, ягоны прэм’ер-міністр, суддзі, пракуроры. І, вядома ж, самі дэпутаты, якія галасавалі за прыняцце новага закону. Чаму яны не баяцца падпасці пад яго пасля змены ўлады ў Беларусі?

«Яны абсалютна не баяцца. Бо яны ведаюць, што, паколькі парламент Беларусі нелегітымны, большасць законаў, якія былі прынятыя, будуць падлягаць перагляду», – мяркуе спадар Балкунец.

Новы закон пакуль што не ўступіў у моц. На сёння здрада дзяржаве, якую здзейсніла службовая асоба на дзяржаўнай пасадзе або вайсковец, па-ранейшаму караецца турэмным тэрмінам. Згодна менавіта з гэтым артыкулам асудзілі да 18-ці гадоў зняволення Дзяніса Урада – капітана Генеральнага штабу Узброеных сілаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»