У Шарэндаў забралі жытло


«Наш дом – Беларусь!» – цяперашнія ўлады Беларусі не толькі не прытрымліваюцца гэтага вядомага адраджэнскага лозунгу, але і пагатоў робяць усё, каб гэты самы дом забраць у адраджэнцаў і патрыётаў краіны. Усе чулі абяцанні высокапастаўленых лукашыстаў пра намер пазбаўляць палітычных апанентаў грамадзянства, а таксама канфіскоўваць маёмасць. І першы крок у гэткім кірунку ўжо зроблены. Берасцейскія ўлады забралі арэнднае жытло ў сям’і вядомых мясцовых актывістаў Шарэндаў. Падрабязней – Валера Руселік.

Спачатку праехаліся па сям’і катком рэпрэсіяў, цяпер – літаральна выкідаюць узімку на вуліцу. Андрэй Шарэнда, палітуцякач з Берасця і муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк атрымаў ліст ад мясцовых уладаў пра скасаванне дамовы на арэнднае жытло. І гэта пры тым, што за кватэру, у якой сям’я жыла апошнія шэсць гадоў, Андрэй працягваў спраўна плаціць нават пасля таго, як з’ехаў ад палітычнага пераследу за мяжу.

«Я ў Беларусі ў вышуку. Зразумела, што да нашай перамогі, пакуль у Беларусі пануе гэты акупацыйны рэжым, я вярнуцца на радзіму не змагу. І, фактычна, да гэтага часу я буду ў Беларусі без рэгістрацыі. І гэткім простым жэстам нас пазбавілі з жытлом і рэгістрацыі ў Беларусі, то бок частку нашай Радзімы аднялі ў мяне», – тлумачыць Андрэй Шарэнда.

Рашэнне Берасцейскага гарвыканкаму датаванае 1-га снежня гэтага года. Хоць літаральна месяц назад кіраўнік горада Аляксандр Рагачук уласнаруч падпісваў працягненне дамовы на арэнднае жытло для сям’і Шарэндаў. А таму іншых тлумачэнняў, акрамя яшчэ аднаго спосабу палітычнага ціску на вольналюбівых берасцейцаў, Андрэй Шарэнда не мае.

«Літаральна з гэтым паведамленнем аб тым, што нас пазбавілі жытла (Паліна яшчэ пра гэта не ведае), прыйшоў ліст ад Паліны, з якога стала зразумела, што ў Паліны працягнутыя гэтыя санкцыі ад адміністрацыі калоніі, паводле якіх яна пазбаўленая харчовых перадачаў», – распавядае муж палітзняволенай.

Жонка Андрэя Шарэнды Паліна Шарэнда-Панасюк, асуджаная на два гады калоніі агульнага рэжыму і буйны штраф нібыта за гвалт і абразу міліцыянтаў, застаецца за кратамі з пачатку студзеня. Жанчына была пазбаўленая і перадачаў, і спатканняў, і нават магчымасці тэлефоннай і відэасувязі з блізкімі. Паводле берасцейскага праваабаронцы Рамана Кісляка, сітуацыя вакол сям’і Шарэндаў – адлюстраванне рэаліяў, якімі жыве сёння ўся Беларусь.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву.

«Папросту людзей хапаюць, паводле якіх заўгодна прычынаў саджаюць, часам фабрыкуюць справы – так, можна гаварыць, што абвешчаная вайна той частцы, якая крытыкавала ўлады і якая дзейнічала незалежна, нават без крытыкі», – канстатуе праваабаронца.

І вайна рэжыму Лукашэнкі з найбольш актыўнай часткаю народу мае сістэмны характар, дадае грамадскі лідар і палітык Аляксандр Мілінкевіч. Вынішчэнне грамадзянскай супольнасці, мяркуе экс-кандыдат на прэзідэнта, мае стаць важным этапам для рыхтавання Беларусі да… расейскай акупацыі.

«Мяне вельмі непакоіць тое, што мы ўвесь час павінны думаць: а як не будзе Лукашэнкі – што будзе з краінай? Ці гэта адразу будзе свабода і дабрабыт, Еўропа – ці гэта будзе барацьба за Беларусь. Апошняе – будзе барацьба за Беларусь з Расеяй: яна ўдзельнічае ў гэтым вынішчэнні, яна хоча папросту выпаліць тое, што ёсць актыўнае ў Беларусі. І надзвычай важна супрацьстаяць гэтаму!» – падкрэслівае Мілінкевіч.

Што рабіць у гэткай сітуацыі? Мілінкевіч упэўнены: найперш падтрымліваць адзін аднаго, супрацьстаяць знішчэнню. Бо пакуль жывыя мы, будзе жыць і Беларусь!

Валера Руселік, Белсат