COVID-19: у Беларусі хваля спадае?


Усяго 1012 новых выпадкаў ковіду цягам содняў і 17 новых смерцяў, звязаных з інфекцыяй. Такія звесткі падае сёння Міністэрства аховы здароўя.

Спад захваральнасці за апошнія дні і з канца кастрычніка агулам доктарка з Фонду медычнай салідарнасці Анастасія Піліпчык патлумачыла гэтак:

«Можа, гэта звязана з тым, што не было нейкіх абмежавальных захадаў, нізкі ўзровень вакцынацыі і проста адначасова ў Беларусі захварэла вельмі шмат людзей. Таму хутчэй быў пройдзены гэты пік захваральнасці».

Пра вялікую колькасць перахварэлых на ковід паведамляюць і нашыя гледачы.

«У мяне ў краме за 1,5 месяца каля пятнаццаці чалавек перахварэлі».

«Мама жыве ў Гомлі. Хварэе на COVID ужо месяц. (…) У больніцу сама лекарка класціся не раіла, толькі ў скрайнім выпадку. З паліклінікі тэлефануюць, цікавяцца самаадчуваннем штодня», – пішуць нашыя гледачы.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, колькасць беларусаў, якія атрымалі першую дозу прышчэпкі, перавысіла 3,7 мільёны, цалкам жа курс вакцынацыі ад ковіду прайшлі каля 2,97 мільёнаў асобаў. Гэта менш за траціну насельніцтва краіны. Нізкі ж узровень вакцынацыі паспрыяў рэзкаму скачку захворванняў і смерцяў, адзначае Анастасія Піліпчык:

«Адна з мэтаў і вакцынацыі, і абмежаванняў – не дапусціць хуткага росту, каб не было татальнай нагрузкі на сістэму аховы здароўя».

Тым часам штам о-мікрон, які ўпершыню выявілі на поўдні Афрыкі ў лістападзе, набліжаецца і да межаў Беларусі. Каля паўсотні выпадкаў заражэння зафіксавалі ў краінах Еўразвязу, між іншага ў суседняй з намі Латвіі. Выявілі о-мікрон і ў Расеі.

«Значна меншай канцэнтрацыі віруса дастаткова, каб заразіць чалавека. О-мікрон, калі ён хоць крыху блізкі да дэльты – гэта вельмі кепскае спалучэнне. Асабліва кепская гэтая навіна для людзей, якія яшчэ не перахварэлі і не вакцынаваліся», – кажа загадчык лабараторыі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытуту Павел Ваўчкоў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што дзякуючы мутацыям о-мікрон лягчэй перадаецца і хутчэй распаўсюджваецца. Разам з тым Сусветная арганізацыя здароўя заявіла пра адсутнасць зафіксаваных смерцяў пасля заражэння гэтым штамам.

«У нас ёсць паведамленні пра людзей, інфікаваных о-мікронам, і яны розныя паводле ступені цяжкасці – ад лёгкай да цяжкой формы. Спачатку паведамленні пра інфекцыю паступілі ад студэнтаў, у маладых людзей, як правіла, больш лёгкая форма гэтай інфекцыі. Але насамрэч абагульняць звесткі яшчэ зарана», – лічыць прадстаўніца САЗ Марыя Ван Керхоў.

Каб канчаткова вызначыць ступень заразнасці новага штаму і зрабіць высновы пра цяжкасць цячэння хваробы, медыкам спатрэбіцца яшчэ некалькі тыдняў. Еўрапейскі цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў папярэдзіў, што ў бліжэйшыя месяцы о-мікрон можа скласці палову ўсіх выпадкаў КОвід-19 у краінах Еўропы. Але рыхтавацца трэба не толькі да новых штамаў, але і да новых пандэміяў, мяркуе адна са стваральнікаў вакцыны «AstraZeneca».

«Гэта не апошні раз, калі вірус пагражае нашаму жыццю і нашым сродкам на існаванне. Наступны вірус можа быць горшым, больш заразным ці больш смертаносным. І мы не можам дапусціць сітуацыі, калі мы прайшлі праз усё гэта, а потым высветліцца, што нягледзячы на вялізарныя эканамічныя страты мы не гатовыя да новай пандэміі. Веды, што мы набылі, не павінны страціцца», – кажа Сэра Гілбэрт.

Пакуль жа эксперты САЗ раяць не панікаваць, рабіць прышчэпкі і захоўваць асцярожнасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»