Выгаднае сяброўства: хто зарабляе на дэзынфекцыі транспарту?


З Еўразвязу ў Беларусь – праз станцыю дэзынфекцыі. Апрацоўванне транспарту на мяжы з Літвой, Латвіяй і Польшчай, якое стала абавязковым з першага верасня, мае знізіць рызыку завозу ў краіну розных інфекцыяў і бактэрыяў, небяспечных для сельскай гаспадаркі. Гэтак кажуць чыноўнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэзынфекцыя легкавога аўтамабіля займае каля дзесяці секундаў, грузавога – не больш за адную хвіліну. Для апрацоўвання выкарыстоўваюць беларускі сродак «Юнідэз» – маўляў, ён дастаткова эфектыўны супраць вірусаў і бактэрыяў.

«Але тут шмат акалічнасцяў – і канцэнтрацыя, і час экспазіцыі. То бок гэта ўсё прынцыпова не вытрымліваецца на мяжы. Асабліва калі вялікія чэргі і неабходна больш людзей прапусціць. Ну гэта такая паказушная апрацоўка, адсоткаў на 85», – адзначыў хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы Сяргей Бесараб.

Платнаю дэзынфекцыя на беларускай мяжы сталася з шаснаццатага верасня. Гэтак, кіроўцам легкавога аўтамабіля трэба заплаціць 2 рублі, аўтобуса – 30, а цяжкавіка – 95 рублёў. На думку большасці нашых гледачоў, браць грошы за такую паслугу несправядліва. Бо найперш зарабляе на гэтым так званы гаманец Лукашэнкі – бізнесовец Сяргей Цяцерын. Ягонай кампаніі «БелГлобалГарант» Лукашэнка яшчэ летась даручыў праводзіць дэзынфекцыю. З Цяцерыным іх звязвае даўняе сяброўства: разам і траву касілі, і дровы секлі і нават гарэлку пілі.

Але дэзынфекцыя транспарту – ужо не першая магчымасць для Цяцерына зарабіць грошы на беларусах. Прынамсі, журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру высветлілі, што кампанія бізнесоўца ў абыход контрсанкцыяў Лукашэнкі імпартуе ў краіну нямецкі шакалад з завышанымі ў паўтара разу цэнамі.

«Безумоўна, у гэтым сяброўстве відавочныя прыкметы карупцыі. Калі Лукашэнка дае магчымасць свайму сябру без канкурэнцыі збіраць грошы з беларусаў – як у выглядзе шакаладак альбо вось гэтых мытаў. Або не даплачваць бюджэту тое, што яму трэба даплачваць. І такім чынам адбываецца рабаўніцтва беларускіх падаткаплатнікаў», – патлумачыў кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль станцыі дэзынфекцыі транспарту працуюць на сямі пунктах пропуску, у тым ліку ў «Казловічах», «Грыгароўшчыне», «Урбанах» «Беняконях». Налета да першага верасня гэткую паслугу плануюць рабіць і на ўсіх астатніх. Але гаворка ідзе толькі пра мяжу з Еўразвязам. Праводзіць дэзынфекцыю на заездзе з Расеі пакуль не плануюць.

«Тое, што гэтыя пабудовы стаяць на мяжы з Еўразвязам і іх няма на мяжы з Расея, гаворыць толькі аб тым, што ніякага дачынення да дэзынфекцыі, да нейкіх санітарных нормаў гэтыя грошы, гэтыя рашэнні не маюць. Гэта цалкам яшчэ адзін пабор з грамадзянаў, якія хочуць ехаць на Захад», – мяркуе прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Пры гэтым ніхто з суседзяў Беларусі дэзынфекцыі транспарту на мяжы не праводзіць. У Расеі плануюць пачаць апрацоўваць машыны на заездзе з 2025 года. Але бясплатна ды толькі ў выпадках эпідэміяў у суседніх дзяржавах.

Ірына Юр’ева, «Белсат»