Атака палестынцаў на Ізраіль: новая «вайна суднага дня»


Раніца сёмага кастрычніка для жыхароў Ізраілю пачалася з гукаў сірэнаў супрацьпаветранай абароны. Прыкладна а палову на сёмую раніцы баевікі групоўкі «ХамАс» выпусцілі сотні ракетаў па гарадах паўднёвай і цэнтральнай частак Ізраілю. Не гледзячы на працу ізраільскай сістэмы «Жалезны купал», траплянні ракетаў зафіксавалі ў памежных з сектарам Газа населеных пунктах, а таксама ў Тэль-Авіве, Рэхавоце, Ашдодзе, Ашкелёне і іншых гарадах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агулам запушчана больш за пяць тысяч ракетаў – заявілі ў «Хамасе», армія абароны Ізраілю ЦАГАЛЬ пацвердзіла ўдвая меншы лік. Цывільныя грамадзяне хаваюцца ў бамбасховішчах і нават звычайных смеццевых кантэйнерах.

«Каля 50-70 ракетаў дакладна было збіта ў раёне Кір’ят-Гата. У прыгарадзе патрапілі 2 ракеты, а на паўднёвым усходзе вялікая электрычная падстанцыя – туды таксама патрапіла. Да тых часоў нешта гарыць», – распавядае «Белсату» наш сталы глядач, беларус Алег Барадзін, што жыве ў горадзе Кірʼят-гат непадалёк ад сектару Газа.

Адначасова з ракетнаю атакаю баевікі «Хамасу» пачалі наземнае ўварванне на ізраільскія тэрыторыі. Палестынцы знеслі памежныя агароджы цяжкою тэхнікаю, мабільныя групы трапілі ўглыб краіны з дапамогаю дэльтапланаў і мота/пара/планаў. Баевікам «Хамасу» удалося захапіць ізраільскую вайсковую базу «Нахаль-Оз», паліцэйскія пастарункі, шмат вайсковай тэхнікі. Забітыя і ўзятыя ў палон дзясяткі ізраільскіх жаўнераў.

«Гэта поўны правал. Правал як вайсковай выведкі гэтак і службы агульнай бяспекі »Шабат«, што адказвае за працу ў гэтым кірунку. Праціўнік дасягнуў тактычнай і стратэгічнай нечаканасці. Атакавалі базы і апорныя пункты, і, вядома ж, атакавалі населеныя пункты і гарады, па сутнасці нават захапілі іх. Гарады, якія знаходзяцца ўжо ў некалькіх кіламетрах ад сектару Газа.Быў захоп палонных, масавыя забойствы», – распавядае ізраільскі вайсковы аналітык Давід Шарп.

На ўсёй тэрыторыі Ізраілю абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. Прэмʼер-міністр Бэньямін Нэтаньягу выступіў са зваротам да суайчыннікаў:

«Мы ў стане вайны з самае раніцы. Я распарадзіўся правесці масавы заклік рэзервістаў і даць адказ такой сілы, якой вораг яшчэ не бачыў. Мы на вайне, і мы пераможам у гэтай вайне».

Палестынцам удалося ўзяць пад кантроль сем ізраільскіх супольнасцяў. Адбываюцца вулічныя баі. Баевікі «Хамасу» адкрывалі агонь па мірных жыхарах, узялі ў палон дзясяткі цывільных асобаў. У сваіх сацыяльных сетках палестынцы паказваюць кадры здзекаў з палонных і забітых ізраільцянаў. Праверыць іх сапраўднасць, аднак, пакуль няма магчымасці.

Кіраўнік вайсковага крыла «Хамасу» Мухамэд Дэіф заявіў пра пачатак аперацыі «Патоп Аль-А́ксы». Са словаў кіраўніка баевікоў, падставаю для палестынскай атакі стала апаганьванне ізраільцянамі галоўнай мусульманскай мячэці. Сапраўдныя прычыны сягаюць глыбей, мяркуюць адмыслоўцы.

«Апошнім часам шмат вядзецца размоваў пра нармалізацыю стасункаў паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй. Гэта кардынальным чынам змяніла бы сітуацыю ў рэгіёне. І тыя, хто не жадае ўсталявання стабільнасці на Блізкім Усходзе будуць прыкладаць намаганні, каб гэтага не адбылося. Можна прыгадаць той жа Іран. І дарэчы, самі ізраільцяне адразу паказалі пальцам на Іран, што гэта яны стаяць за арганізацыяй гэтай эскалацыі. Цалкам магчыма», – зазначае кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Улады краіны абвясцілі правядзенне контртэрарыстычнай аперацыі «Жалезныя мячы». Адначасова з зачысткаю ад баевікоў «Хамасу» ізраільскіх гарадоў, сілы ЦА́ГАЛЬ нанеслі авіяўдары па сямнаццаці вайсковых абʼектах і чатырох камандных пунктах палестынцаў у сектары Газа. Афіцыйныя палестынскія асобы паведамляюць пра тысячу параненых і больш за сто шэсцьдзесят загінулых.

На думку нашых суразмоўцаў, наступным крокам можа стаць наземная аперацыя ізраільскіх войскаў, каб цалкам заняць і ўзяць пад кантроль гэтую тэрыторыю.

Аляксандр Баразенка, Белсат