Як у свеце рэагуюць на ўзнагароджанне Бяляцкага


Нобэлеўская прэмія Алесю Бяляцкаму для многіх стала неспадзяванкаю. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці адзначаюць гістарычную важнасць гэтай узнагароды. Асабліва цяпер, калі ў краіне трываюць рэпрэсіі, а сам лаўрэат застаецца за кратамі. А вось ва Украіне факт узнагароджання Бяляцкага выклікаў неадназначную рэакцыю. Афіцыйны ж Менск пракаментаваў выбар Нобэлеўскага камітэту ў найлепшых традыцыях лукашэнкаўскай дыпламатыі. Падрабязнасці ў нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы з усяго свету каментуюць узнагароджанне Нобэлеўскай прэміяй праваабаронцаў, сярод якіх беларус Алесь Бяляцкі. Пра яго згадала падчас прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская, якая цяпер перабывае з візітам у Францыі.

«Ведаеце, гэтая прэмія, напэўна, не вызваліць Алеся Бяляцкага, але яна нагадвае нам, нагадвае свету пра наш агульны абавязак зрабіць так, каб усе палітвязні былі вызваленыя. Я радая, што Нобэлеўскі камітэт таксама адзначыў праваабаронцаў з Украіны і Расеі, таму што барацьба супраць двух злосных дыктатараў, Лукашэнкі і Пуціна, гэта барацьба за дэмакратыю ва ўсім свеце», – сказала Святлана Ціханоўская.

Першая ў гісторыі Беларусі нобэлеўская лаўрэатка – пісьменніца Святлана Алексіевіч – падкрэсліла, што Бяляцкі больш чым заслужыў гэтую ўзнагароду.

«Я вельмі паважаю Алеся. Мне здаецца, ён міфалагічная фігура ў нашай барацьбе. Мне здаецца, тое, што ён робіць, калі-небудзь стане рэвалюцыйнай міфалогіяй. Гэта таксама ўзнагарода арганізацыі “Вясна”, аднадумцаў, якіх ён сабраў. Я адчувала гонар», – сказала Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю «Белсату».

На думку шэрагу прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці, гэта – важны сігнал. Бо прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму адбылося менавіта цяпер, калі ў Беларусі трываюць рэпрэсіі.

«У яго асобе ўзнагароджаныя ўсе тыя, хто пацярпеў ад рэжыму і зараз знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах. Гэта азначае, што ўвесь цывілізаваны свет памятае, што ў Беларусі знішчаюцца ўсе базавыя правы і свабоды. Але галоўнае – памятае пра тых, хто іх бароніць амаль усё сваё жыццё», – заявіў палітык Павел Латушка.

«Я вельмі шчаслівая за Алеся Бяляцкага. Я радая за ўсіх беларускіх палітзняволеных. Бо праз гэтую прэмію мы звяртаем увагу свету на лёсы тысячаў людзей, якія цяпер перабываюць у беларускіх турмах у нялюдскіх умовах», – кажа Наталля Радзіна, галоўны рэдактар выдання «Хартыя-97».

«Я думаў, нашая галоўная задача, як Аб’яднанага пераходнага кабінету, – гэта павялічыць ціск на рэжым, выкарыстоўваючы гэтую выбітную гістарычную навіну, першую ў гісторыі Беларусі Нобэлеўскую прэмію міру», – мяркуе Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага камітэту па нацыянальным адраджэнні.

Пра лаўрэатаў сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру таксама выказаліся замежныя палітыкі. Яны адзначалі мужнасць тых, хто змагаецца за правы чалавека на постсавецкай прасторы.

«Пляскаю неймавернай мужнасці жанчын і мужчынаў, якія выступаюць супраць аўтакратыі. Яны паказваюць сапраўдную моц грамадзянскай супольнасці ў барацьбе за дэмакратыю. Распавядаюць свае гісторыі. Дзеляцца сваім досведам. Дапамагаюць зрабіць свет свабаднейшым», – сказала Урзуля фон дэр Ляен, старшыня Еўракамісіі.

«Віншую пераможцаў. Права казаць праўду ўладзе ёсць фундаментальным для свабодных і адкрытых грамадстваў», – заявіў Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO.

«Гэтая Нобэлеўская прэмія ўшаноўвае ўсіх тых, хто адважна змагаецца за свае правы і свабоды. Нягледзячы на пагрозы ўласнаму жыццю. Яны змагаюцца з несправядлівасцю тых, хто нібыта мацнейшы», – адзначыла Аналена Бэрбак, міністарка замежных справаў Нямеччыны.

Затое ва Украіне той факт, што разам з украінскімі праваабаронцамі «нобэля» атрымалі расейцы і беларус, выклікаў неадназначную рэакцыю.

«У Нобелеўскага камітэта адназначна цікавае разуменне слова “мір”, калі прэмію разам атрымліваюць прадстаўнікі дзвюх краін, што напалі на трэцюю. Ні расейскія, ні беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне. Нобель у гэтым годзе проста “супер”», – напісаў у сацсетках Міхаіл Падаляк, саветнік кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны.

Аднак сярод украінскіх палітыкаў ёсць і тыя, хто знаёмы з беларускай сітуацыяй і станоўча ацэньвае прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму.

«З нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім я меў гонар пазнаёміцца яшчэ ў жніўні 2020 года. Потым мы прыйшлі на канферэнцыю Каліноўскага. Зараз Алесь знаходзіцца за кратамі, дзе правёў больш за год па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Злачынец Лукашэнка на волі, лаўрэат Бяляцкі ў турме. Звычайна павінна быць наадварот. Таму рэжым Лукашэнкі трэба знішчыць, палітвязняў трэба вызваліць, а ўсіх, хто мае дачыненне да гэтага смецця, пасадзіць на свае месцы, у камеры», – піша Аляксей Ганчарэнка, народны дэпутат Украіны.

А МЗС Беларусі ў сваім каментары расейскаму інфармацыйнаму агенцтву заявіў, што – цытата – «Нобэль замучыўся пераварочвацца ў труне».

«Мала каго цікавіць такая думка. Думка, якая ўвогуле не дэманструе, што ў гэтым міністэрстве разумеюць, якія ацэнкі дае Захад і каму выдаюцца прэміі. Усё адно цягнік дэмакратыі ідзе поўным ходам. Проста ў агоніі чаго не нагаворыш», – пракаментаваў пазіцыю беларускага МЗС палітык і навуковец Аляксандр Мілінкевіч.

Што да дзяржаўных медыяў Беларусі, яны цэлы дзень ігнаравалі факт атрымання Алесем Бяляцкім найпрэстыжнейшай узнагароды.

Валянцін Васіленка, «Белсат»