Рэзалюцыя Еўразвязу аб санкцыях


Сёння Еўрапарламент на адмысловай пленарнай сесіі ў французскім Страсбуры прыняў рэзалюцыю аб Беларусі, прысвечаную году, які прайшоў пасля выбараў, пачатку мірных пратэстаў, і брутальным рэпрэсіям супраць беларусаў. Рэзалюцыя стане дакументам, якім будзе кіравацца Еўрапейская Рада, сход кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу ў Бруселі – роўна праз 2 тыдні

Сённяшняя рэзалюцыя – пазіцыя абсалютнай большасці Еўрапарламенту. Усяго галасавала 674 еўрадэпутаты, з іх 506 – за.

Рэзалюцыя Еўрапарламенту

«Еўрапейскі парламент падкрэслівае неабходнасць усебаковага расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу, у тым ліку забойства Рамана Бандарэнкі… заклікае дзяржавы-чальцы Еўразвязу актыўна ўжываць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх афіцыйных асобаў, адказных ці датычных да гвалту і рэпрэсіяў, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі».

Еўразвяз памятае і пра 720 беларускіх палітвязняў, у тым ліку пра жорсткія выракі Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку і Віктару Бабарыку; Еўразвяз ведае пра забітых і зніклых без звестак удзельнікаў мірных пратэстаў; пра беларускіх праваабаронцаў, якія сталі палітвязнямі – пра ўсё тое, што «Белсат» распавядае штодня. І пра нашых журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, асуджаных на 2 гады калоніі за вядзенне жывога рэпартажу, Еўразвяз ведае і памятае.

Еўрапарламент настойліва заклікае Еўрапейскую Раду ўзгадніць новыя стратэгічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку эканамічныя – супраць сталеліцейнага, дрэваапрацоўчага і хімічнага сектараў, а таксама ўсе дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, як Беларуськалій ці Белтэлекам.

«Санкцыі – гэта не самамэта, яны мусяць прывесці рэжым у Беларусі да пытання, ці выгадна трымаць людзей у турмах, біць і рэпрэсаваць іх, калі гэта прыводзіць да гаспадарчых санкцыяў. На жаль, адказам беларускага боку далей застаецца эскалацыя ўнутранай агрэсіўнай палітыкі, скіраванай на грамадзянскую супольнасць», – заявіў «Белсату» Марцін Пшыдач, віцэ-міністр замежных справаў Польшчы.

Рэзалюцыя заклікае абвесціць працаўнікоў КДБ на месцах у Еўразвязе персонамі нон-грата; называе захоп авіялайнера «Раян-Эйр» актам дзяржаўнага тэрарызму, за які мусяць адказаць асобы і арганізацыі ў Беларусі і Расеі; прапаноўвае ўстановам Еўразвязу рабіць справаздачы пра актывы Лукашэнкі і ягоных карумпаваных алігархаў.

«Злучаныя Штаты таксама ўводзяць санкцыі. У снежні набудуць моц чарговыя цвёрдыя эканамічныя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі. Я б парэкамендаваў уладам у Менску прааналізаваць гэтую сітуацыю. Іх адказам на санкцыі мусяць быць спробы знайсці згоду, мусіць быць унутраны грамадскі дыялог, размова з апазіцыяй, а не агрэсіўная палітыка», – тлумачыць Марцін Пшыдач.

Еўрапарламент рашуча асуджае выкарыстанне мігрантаў для палітычных мэтаў рэжыму Лукашэнкі і называе ягоныя памежныя правакацыі гібрыднай вайной супраць Еўразвязу.

«Мы сваёй палітыкі не зменім, Польшча і Еўразвяз будуць далей абараняць свае межы. Клопаты з мігрантамі, на жаль, застануцца ў Беларусі, але за гэта адказнасць нясе Аляксандр Лукашэнка», – кажа польскі віцэ-міністр.

Сярод іншага, Еўрапарламент ускладвае адказнасць за арганізацыю гібрыдных атакаў Лукашэнкі на Крэмль. Абʼяднаная Еўропа асуджае перамовы між Пуціным і Лукашэнкам аб далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі, бо тэрмін кіравання Аляксандра Лукашэнкі скончыўся яшчэ 5 лістапада 2020 года.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».