Беларусаў зноў абмяжоўваюць


Прапагандысты не хаваюць захаплення: пачаў дзеяць указ Лукашэнкі нумар 278. Цяпер сотні тысячаў беларусаў, якія пакінулі краіну праз палітычныя рэпрэсіі, трапілі ў юрыдычны тупік. Яны больш не могуць памяняць або падоўжыць свае пашпарты ў консульстве ці амбасадзе. Для гэтага трэба ехаць у Беларусь, што для многіх – небяспечна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У мяне былі змешаныя эмоцыі, – кажа беларуская ўцякачка Арына, якая цяпер жыве ў Літве. – Але гэта было чакана, што некалі яны зробяць такі крок. Гэта зроблена, каб, калі людзі пачалі вяртацца, кідаць іх у турму, запісваць пакаянныя відэа і гэтак далей».

Згодна з указам, у беларускай амбасадзе або консульстве цяпер нельга будзе:

  • атрымаць новы пашпарт або падоўжыць тэрмін дзеяння старога;
  • аформіць даверанасць на маёмасць у Беларусі;
  • атрымаць даведку з ЗАГСу;
  • атрымаць дублікат дакументу аб адукацыі;
  • зняць з уліку транспартавы сродак;
  • прыняць рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу;
  • іншае.

«Дзяржава павінна працаваць дзеля дабрабыту грамадзянаў, а тут зроблена ўсё, каб пазбавіць іх падставовых правоў. Консульства любой нармальнай краіны мусіць аказваць дапамогу грамадзянам, якія знаходзяцца па-за тэрыторыяй сваёй краіны. У дадзеным выпадку ім у дапамозе адмаўляюць», – абураецца адвакат Алесь Міхалевіч.

Ён прызнае, што сітуацыя з афармленнем даверанасцяў і фактычнаю забаронаю для беларусаў распараджацца сваёй маёмасцю з-за мяжы на сённяшні дзень не мае развязання. Што тычыцца афармлення пашпартоў і іншых дакументаў, выйсце ёсць.

«Давядзецца рэлакавацца, пераехаць у больш спрыяльныя краіны, перш за ўсё ў ЕЗ, ЗША, дзе ёсць так званыя трэвэл-дакументы для замежнікаў, – разважае Міхалевіч. – Каб можна было падарожнічаць і жыць. Усім астатнім давядзецца звяртацца па міжнародную абарону, па статус уцекача».

Польскі падарожны дакумент для замежніка
Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca).
Фота: Белсат

Праваабаронца Раман Кісляк, які цяпер жыве ў Грузіі, пасля новага ўказу прагназуе значнае павелічэнне колькасці беларускіх рэлакантаў з гэтай краіны ў Еўразвяз. Найперш у Літву ды Польшчу:

«Гэта будуць хутчэй за ўсё тысячы. Але, вядома, гэта расцягнецца ў часе. Складанасць у тым, што атрыманне ВНЖ [у Грузіі. – Заўв. belsat.eu] не дае гарантыяў. Былі прэцэдэнты, калі ВНЖ анулявалі паводле незразумела якіх крытэрыяў. На мяжы яго могуць ануляваць – чалавека могуць не пусціць. У Грузіі ёсць праблемы, незразумелыя правілы гульні».

На думку Кісляка, правілы гульні ў ЕЗ больш зразумелыя. Асоба можа атрымаць статус уцекача ці міжнароднай аховы і, адпаведна, від на жыхарства. Выпадкаў анулявання гэтых дакументаў, у адрозненне ад Грузіі, не зафіксавана. Вандраваць жа можна з дапамогаю пашпарта замежніка. Ім карыстаюцца тысячы беларусаў, у тым ліку галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Зрэшты, ён лічыць, што дакумент мае і свае хібы:

«У пашпарта замежніка ёсць праблема – ён прывязаны да ВНЖ. Гэта значыць, кожны год я раблю новы пашпарт замежніка. Штогод некалькі месяцаў гэтая працэдура займае. І, вядома, гэта не развязанне праблемы».

Яшчэ адной альтэрнатывай для беларусаў, якіх Лукашэнка пазбавіў дакументаў, можа стаць пашпарт новай Беларусі. Над яго стварэннем цяпер працуе офіс Святланы Ціханоўскай. Паводле Франка Вячоркі, гэты дакумент узгоднены з Еўракамісіяй.

Папярэдне, яго будуць выдаваць на пачатку наступнага года. Аднак не ўсе настроеныя так аптымістычна.

«З гледзішча міжнароднага права, мець адну дзяржаву і два пашпарты – малаімаверна, прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве», – кажа палітолаг Віціс Юрконіс.

«Я, безумоўна, хачу, каб ён не толькі быў, але і працаваў, дзейнічаў, як сапраўдны дакумент. Я даволі скептычна стаўлюся наконт таго, калі гэта ўвогуле магчыма і наколькі гэта хутка будзе. Але я веру, што гэта атрымаецца і з задавальненнем гэты пашпарт атрымаю», – кажа рэдактар эфіру «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.

А пакуль ён раіць уладальнікам «сініх кніжачак» актыўна заняцца працэсам легалізацыі ў сваіх краінах побыту і дадае:

«Сітуацыя непрыемная, але справімся, беларусы прарвуцца».

Ян Федаровіч, «Белсат»