Вымыванне кадраў паскорылася ўтрая


Вымыванне кадраў з эканомікі сталіцы ў жніўні паскорылася ўтрая ў параўнанні з ліпенем. Дзяржава ў сувязі з гэтым працягвае праграму «Рынак працы і садзеянне занятасці» на 2021-2025 гады, і ўцягвае туды беспрацоўных. Шукалі адказаў, ці гэта дапаможа знайсці 2800 медыкаў, якіх не стае ў паліклініках і лякарнях? І ці сярод тых беспрацоўных знойдуцца інжынеры, эканамісты і настаўнікі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праца ёсць, а працоўных рук – не стае. Першыя ў пераліку найбольш запатрабаваных рабочых на сталічным рынку працы – кухары, 735 спецыялістаў у вышуку.

Ніжэй у спісе прадаўцы – мінус 599, кіроўцы (461) і слесары (421). Паводле Камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны сярод служачых у Менску ўсцяж патрабуюцца настаўнікі, выхавальнікі, інжынеры, але найглыбейшы кадравы голад – у медыцыне: бракуе 1335 медсёстраў і 1136 лекараў-спецыялістаў.

Праз гэта расце нагрузка на астатніх, а таксама колькасць памылак, кажа лекар Станіслаў Салавей:

«Беларускія лекары працуюць з парушэннем працоўнага заканадаўства ў плане “праца-адпачынак”. То бок у нас забаронена працаваць больш чым 24 гадзіны на содні. На практыцы – пакажыце мне тых лекараў, якія працуюць 24 гадзіны, а потым ідуць дамоў адсыпацца? А не застаецца ранкам пасля начной змены і працягвае рабіць аперацыі. Гэта тая праблема, на якую заплюшчваюць вочы аб’ектыўна. Вось скажыце, вы сядзеце ў машыну да кіроўцы, які спаў апошні раз 30 гадзінаў таму?»

Пытанне рытарычнае, але калі ў пацыента ці пасажыра вострая праблема – ён пагодзіцца на любога лекара ці кіроўцу.

Гэтак паступова падае планка патрабаванняў да спецыялістаў дэфіцытных прафесіяў. Яшчэ летась, перад масавымі арыштамі па карупцыйных справах сярод лекараў-траўматолагаў, РНПЦ траўматалогіі даваў абʼяву пра пошук работнікаў без досведу працы.

«Колькі траўматолагаў зʼехала… Не думаю, што іх зʼехала менш, чым гінеколагаў, анколагаў, чым кардыёлагаў, афтальмолагаў. На жаль, я не ведаю, дзе мне цяпер лягчэй знайсці знаёмага лекара – у Нямеччыне ці ў Беларусі», – канстатуе Станіслаў.

Міграцыя кадраў – адная з асноўных прычынаў адмоўнага трэнду на рынку працы – пацвердзіў аналітык BISS Вадзім Мажэйка. Толькі ў Менску за месяц на 900 вырасла лічба вакансіяў. У параўнанні з ліпенем крызіс кадраў паскорыўся ўтрая і дасягнуў 23 600 не занятых месцаў.

«Рынак працы Беларусі губляе сваю канкурэнтаздольнасць у параўнанні з суседнімі краінамі – і эканамічна, і, зрэшты, як месца пражывання», – кажа Вадзім Мажэйка.

Хоць дзяржава стараецца стрымаць працаўнікоў (не даючы ім дакументаў, патрэбных для ўладкавання за мяжой і чэргамі на апастыль) – валізкі пакуюцца. Вымывання амаль няма толькі ў шэрагах сілавікоў, чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў. Многіх Лукашэнка пакідае, не гледзячы на пенсійны ўзрост.

«Пытанне лаяльнасці значна важнейшае за прафесіяналізм. І калі сістэма шукае лаяльных кадраў, то, вядома, лаяльныя акурат тыя, хто правераны, хто даўно працуе і перажыў ужо не адзін крызіс, знаходзячыся ва ўладзе», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Калі ж вярнуцца да народнай статыстыкі, то ёсць адметнасць: ліпеньскае даследаванне «Белстату» паказала – толькі 16,5 % апытаных шукаюць працу праз дзяржаўны «Банк вакансіяў». Бальшыня апытаных глядзяць абʼявы ў СМІ ці звяртаюцца па дапамогу да сяброў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»