У ААН чарговы раз заклікалі да спынення баявых дзеянняў паблізу Запарожскай атамнай станцыі


Дзейнічаць сёння, каб заўтра не было позна. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў чарговы раз заклікалі да спынення баявых дзеянняў паблізу Запарожскай атамнай станцыі. Але ці мае міжнародная супольнасць рэальныя магчымасці ўплыву на сітуацыю?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Неадкладна спыніць баявыя дзеянні паблізу Запарожскай АЭС і забяспечыць пастаянную прысутнасць на станцыі прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў. Такія асноўныя рэкамендацыі вынікаюць са справаздачы нядаўняй місіі Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ). Дакумент на 52 старонках прэзентаваў кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі падчас адмысловага паседжання Рады Бяспекі ААН:

«Фізічны ўдар, адмысловы ці мімавольны, траплянні, якія атрымаў гэты абʼект і якія я асабіста мог бачыць і ацэньваць разам са сваймі экспертамі, проста недапушчальныя. Вы гуляеце з агнём, і можа адбыцца нешта вельмі-вельмі катастрафічнае».

У спавешчанні адзначаецца, што прадстаўнікі місіі зафіксавалі на тэрыторыі ЗАЭС шматлікія пашкоджанні будынкаў паблізу атамных рэактараў. Таксама пашкоджаныя будынкі, дзе захоўваецца свежае і адпрацаванае ядравае паліва. У МАГАТЭ адзначылі, што на тэрыторыі АЭС стаяць расейскія вайсковыя грузавікі з літараю «Z» на борце. Спецыялісты запатрабавалі прыбраць іх з атамнай электрастанцыі.

«Канкрэтная рэкамендацыя ў маім спавешчанні: аператару трэба дазволіць вярнуцца да сваёй дакладнай і звычайнай лініі працы, адказнасці і паўнамоцтваў, і неабходна аднавіць адпаведнае працоўнае асяроддзе, у тым ліку з належным падтрыманнем семʼяў персаналу», – дадае Рафаэль Гросі.

Падчас абмеркавання спавешчання генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заклікаў неадкладна забяспечыць вакол станцыі дэмілітарызаваную зону:

«У якасці першага кроку расейскія і ўкраінскія сілы павінны ўзяць на сябе абавязак не весці ніякіх ваенных дзеянняў у кірунку пляцоўкі або з тэрыторыі станцыі. Запарожскі абʼект і яго ваколіцы не павінны быць цэллю або пляцоўкай для ваенных дзеянняў. У якасці другога кроку варта замацаваць канкрэтнае пагадненне аб дэмілітарызаваным перыметры, якое будзе ўключаць у сябе абавязальніцтва расейскіх сілаў вывесці вайсковыя персанал і тэхніку з гэтага перыметру і гарантыю ад украінскіх сілаў не ўваходзіць у яго».

Аднак, на думку адмыслоўцаў, нягледзячы на міжнародны розгалас вынікі місіі МАГАТЭ будуць мець даволі абмежаваны эфект.

«Яны спрабавалі балансаваць паміж тым, што на тэрыторыі Украіны самая вялікая АЭС у Еўропе, і тым, што Расея – ядравая дзяржава. Наколькі гэта ўдалося? Магло быць лепей, але добра, што не было горш. Тыя дзве гадзіны, што яны там правялі, пакінуўшы спачатку шасцярых, а потым дваіх супрацоўнікаў, – яны прывялі да больш-менш адэкватнай справаздачы», – кажа ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Да таго ж у ААН і міжнароднай супольнасці цяпер фактычна няма дзейсных інструментаў, каб прымусіць расейскія акупацыйныя войскі пакінуць тэрыторыю станцыі.

Расейскія войскі захапілі Запарожскую АЭС яшчэ 4 сакавіка, практычна на самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання. З таго часу ядравы абʼект быў пад пастаяннымі абстрэламі, у чым расейскі і ўкраінскія бакі вінавацяць адзін аднаго. Самая буйная атамная станцыя Еўропы месціцца ў горадзе Энэргадар на левым беразе Дняпра, фактычна на лініі фронту.

Алесь Баразенка, «Белсат»