У беларускіх лясах пачалася грыбная ліхаманка


Сёлета ў Беларусі – небывалы ўраджай грыбоў. Сацыяльныя сеткі поўняцца відэа палянаў ды кошыкаў з баравікамі, лісічкамі ды не толькі. Інтэрнаўты ўжо прыдумалі назву гэтай з‘яве – грыбная ліхаманка. Беларусы актыўна хваляцца на сваіх старонках здабычамі з ціхага палявання. А пахваліцца сапраўды ёсць чым.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз такую прагу беларусаў да ціхага палявання ў лясах пад Бабруйскам нават утварыліся аўтамабільныя заторы. Чаму гэтае лета стала надзвычай урадлівым на грыбы?

«Спачатку ў нас было вельмі горача, а пасля гарачыня крыху паменшылася, пачаўся сезон дажджоў і гэта якраз прывяло да таго, што грыбоў стала вельмі шмат», – распавёў эколаг Сяржук Герасімовіч.

Збор грыбоў у лесе яшчэ параўноўваюць са шпацырам на мінным полі. Усё праз тое, што недасведчаны грыбнік можа пераблытаць ядомы грыб з неядомым ды атруціцца. Пры з’яўленні першых сімптомаў неабходна неадкладна тэлефанаваць у хуткую дапамогу. Але і да прыезду медыкаў лепей не бяздзейнічаць.

«Першыя сімптомы атручвання суправаджаюцца ванітамі і паносам, але нават у гэтых умовах рацыянальна будзе прыняць актываваны вугаль. Але не 1 ці 2 таблеткі, а 30-40 адначасова», – заявіў таксіколаг Сяргей Недашкоўскі.

Лисички, грибы, лес, дубрава, лето, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грыб лісіца ў лесе. Пры абмежаванні на наведванне лесу і сухое надвор’е грыбы растуць павольна. Менская вобласць, Беларусь. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Таксіколагі перасцерагаюць: дзецям да дванаццаці гадоў увогуле не рэкамендуецца ўжываць дзікарослыя грыбы.

«У дзіцячым арганізме яшчэ цалкам не сфармавалася дэтаксікацыйная сістэма, у якой ключавую ролю адыгрывае печань. Таму дзеці нашмат цяжэй, чым дарослыя, пераносяць атручванне. Таму трэба вельмі ўзважана ставіцца да збору грыбоў і іх кулінарнай апрацоўкі», – дадаў Сяргей Недашкоўскі.

Каб зберагчы сваё здароўе, трэба прыслухацца да парадаў дасведчаных грыбнікоў.

«Самае галоўнае правіла – збіраць тое, што вы ведаеце. Калі вы сумняваецеся – не бярыце. Вось гэта самае важнае правіла. Я ведаю каля 15 відаў грыбоў, таму ўсё сваё жыццё я іх і збіраю», – параіў грыбнік Алесь Дзянісаў.

Ціхае паляванне нясе яшчэ адную небяспеку. За мінулыя содні ў лясах Беларусі падчас збору грыбоў згубіліся дзесяцёра асобаў. Такія выпадкі зафіксавалі каля Воршы, Крупак, Клічава ды Узды. Таму перад тым як ісці па грыбы, спраўдзіце, ці няма ў вашым раёне забароны на наведванне лясоў. Карысна будзе ўзяць з сабою запас ежы, ваду, нож, запальнічку, заладаваны мабільны тэлефон. Адзенне і абутак больш зручныя з воданепранікальных матэрыялаў. Варта мець на сабе яркі элемент, які дапаможа не застацца незаўважным у выпадку, калі заблукаеце. Трымайцеся гэтых простых правілаў – і тады лес прынясе вам толькі прыемныя сюрпрызы. Грыбных вам палянаў і поўных кошыкаў!

Андрэй Сульжыц, «Белсат»