Расея даставіла ў Беларусь дадатковую зброю. Ваенны аналітык: верагодна рыхтуецца новы напад


Расея перакідвае ў Беларусь новую зброю і, паводле выведкі ЗСУ, гэта дадатковыя сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны. Гэтак Расея ўзмацняе свае пазіцыі і, магчыма, рыхтуе новы напад, мяркуе ўкраінскі ваенны аналітык Сяргей Грабскі.

«Ёсць імавернасць нанясення паветраных удараў пад прыкрыццём, гэтак званага паветранага парасона, якім паўстаюць гэтыя сілы супрацьпаветранай абароны. Таму гэта наўпрост чарговы такі крок на ўзмацненне канфрантацыі менавіта на паўночных межах Украіны», – кажа ўкраінскі ваенны аналітык, палкоўнік запасу Сяргей Грабскі.

Паўночная Украіна мяжуе з паўднёва-ўсходняй тэрыторыяй Беларусі – Гомельскай вобласцю. Першыя ракеты і танкі ў бок Украіны выпусцілі менавіта адсюль. Але дагэтуль Узброеныя сілы Беларусі ў вайну так і не ўступілі. Беларусь цяпер – гэта плацдарм для расейскіх войскаў.

«У той сітуацыі, у якой цяпер застаецца беларуская армія, што адцягвае на сябе значныя сілы, яна больш карысная для Крамля, чым калі б яна пайшла ў наступ, зазнала б паразу, шмат узялі б у палон, частка з якіх змагла б перайсці на бок беларускіх батальёнаў. Што ў сваю чаргу стварыла б пагрозу для рэжыму ў Менску і для Заходняга флангу Крамля адпаведна», – лічыць прадстаўнік «Conflict Intelligence Team» Кірыл Міхайлаў.

Ваяваць з Украінаю войскам Рэспублікі Беларусь асабліва няма чым. Уся зброя савецкая, кажа ананімная крыніца, блізкая да Узброеных сілаў:

«Магчыма, ёсць нейкія новыя «калашнікавы», але я іх не бачыў. Аўтамат складны Калашнікава, кулямёт Калашнікава, ручны кулямёт Калашнікава, пісталет Макарава – стандартная зброя. Усё савецкае».

Жадання ваяваць на баку Расеі ў беларусаў таксама няма, вынікае з апошняга даследавання «Chatham House». Супраць уварвання выступілі 85% апытаных. Пры гэтым, кажа ананімная крыніца, агульны настрой арміі такі: загад не абмяркоўваецца. Здавацца ў палон – таксама страшна.

«Калі ты беларускі жаўнер і пабяжыш ва Украіну… Лепш не трэба, папраўдзе», – адзначае ананімная крыніца.

Палітыка ж Украіны ў дачыненні імаверных вайскоўцаў Узброеных сілаў Беларусі, якія могуць апынуцца на полі бою, не змянілася, тлумачыць Сяргей Грабскі:

«Давайце проста ўявім сабе: чалавек здаецца, не проста здаецца, а яшчэ і прыганяе ўзбраенне або тэхніку, ён за гэта атрымлівае дадатковую грашовую ўзнагароду, ён атрымлівае легальны статус побыту ва Украіне. А вы ведаеце цудоўна, што гэта дазваляе, у прынцыпе, адкрыць для сябе Еўропу, адкрыць для сябе ўвесь цывілізаваны свет».

Пакуль усё, што робіць армія Рэспублікі Беларусь – гэта ўдзел у чарговых супольных з Расеяй вучэннях.

Надзея Бельская, «Белсат»