Мігрантаў вярнулі ў Беларусь


За мінулыя содні на літоўска-беларускай мяжы ніводнага мігранта не затрымалі. Літоўскія памежнікі з гуманітарных меркаванняў пусцілі ў краіну толькі жанчыну і дзіця, і амаль 250 мігрантаў прымусілі вярнуцца ў Беларусь. Чаму літоўскі бок раней не прыняў рашэння не ўпускаць нелегалаў з тэрыторыі Беларусі, мы запыталі ў літоўскага палітолага Віціса Юрконіса:

«Гэтае рашэнне трэба было ўзгадніць не толькі ўнутры, але і ў Еўразвязе, і пасля гэтага былі прынятыя рашучыя дзеянні. Плюс былі візіты ў Багдад. Прыняцце рашэння там таксама забрала час».

Адміністрацыя грамадзянскай авіяцыі Іраку паведаміла аб спыненні авіязносінаў з Менскам. Самалёты з Іраку ў Беларусь будуць лятаць, але пустыя, выключна дзеля таго, каб іракцы на іх маглі вярнуцца ў сваю краіну. Да жыхароў Іраку па тэлеканале «Аль-Джазійра» звярнуўся і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа:

«Тыя, хто абяцае лёгкі шлях у Еўразвяз праз Беларусь, – хлусяць. Людзей падманваюць, зацягваюць у сеці, за гэта людзі яшчэ і грошы плацяць – за міраж Еўразвязу. Не трапляйцеся ў рукі гандляроў людзьмі!»

З пачатку года памежнікі затрымалі на літоўскай тэрыторыі больш за 4 тысячы нелегалаў. За згоду добраахвотна пакінуць Літву, урад краіны выказаў гатовасць плаціць кожнаму мігранту да трохсот еўраў. Выплаты будуць здзяйсняцца наяўнымі пры пасадцы на самалёт. Раскашэліцца на запрошаных у Беларусь іракцаў давядзецца і ўладам Беларусі. Ці можна лічыць ужытыя захады перамогаю Літвы над нелегальнай міграцыяй?

«Вынікі пакуль радуюць, але я ўпэўнены, што рознага кшталту правакацыі мы можам чакаць у будучым, таму разнявольвацца ні ў якім разе немагчыма», – кажа літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Пра магчымасць правакацыяў з боку рэжыму Лукашэнкі кажа і беларускі палітолаг Павел Усаў:

«Калі дойдзе да нейкіх правакацыяў, не дай бог, да смяротных ахвяраў, то гэта можа яшчэ больш ускладніць сітуацыю персанальна самога Лукашэнкі нават у вачах Масквы».

Бо, як мяркуе эксперт, гарачая канфрантацыя будзе азначаць не столькі канфлікт з Літвою, колькі канфлікт з НАТО.

Вольга Старасціна, «Белсат»