«Стваральнік эфектыўных слоганаў» – з дня народзінаў Янкі Купалы мінула 140 гадоў


Пра яго здымаюць кіно, а ягоныя вершы адаптуюць у беларускай рок-музыцы. Янка Купала, хоць ягоны партрэт і вісіць у школьных кабінетах, не стаўся проста тварам з падручніку. У гэтым выпадку савецкае званне народнага паэта пацвярджаецца сапраўднаю папулярнасцю сярод беларусаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Купала, безумоўна, – стваральнік эфектыўных, паспяховых рэкламных слоганаў, толькі гаворка не пра тавар, а пра нейкія высокія каштоўнасці, – кажа літаратар і прадстаўнік Беларускага пэн-цэнтру Андрэй Хадановіч. – Таму ягоныя вершы так добра чытаюцца ўголас, так добра чытаюцца з амбону, так добра чытаюцца з узвышэння, з нейкай трыбуны».

Шляхціч, сфармаваны ў польскай культуры, ён выбраў для сябе беларускую культуру і беларускую мову. У выніку хіба ніхто іншы з беларускіх паэтаў не меў такой сілы абуджэння людзей. Франт у касцюме з гальштукам і з моднай палкай, Янка Купала стварыў радкі, што сталіся для беларусаў сапраўднымі слоганамі, і гэтыя слоганы – «не быць скотам» або «людзьмі звацца» – засталіся актуальнымі ў сучаснай Беларусі.

«У гэтым сэнсе, з горкай іроніяй кажучы, ён, безумоўна, самы экстрэмісцкі беларускі паэт. Заклік “Жыве Беларусь!” – таксама купалаўская цытата», – працягвае Андрэй Хадановіч.

Зрэшты, ранняя спадчына Купалы адрозніваецца ад твораў перыяду, калі крыважэрная сталінская сістэма ўзяла паэта ў свой абарот.

«Па-першае, яна яго зламала, па-другое, яна яго забіла, па-трэцяе, яна яго выкарыстала для сваіх ідэалагічных справаў, яшчэ і спрабавала знішчыць ягонае імя», – каментуе пісьменніца і лаўрэатка Прэміі Гедройца Святлана Курс.

У рэжыму на Янку Купалу былі свае планы. У ягоных словах мусіла ўтрымлівацца гатоўнасць служыць савецкай уладзе. Праз ягоную прысутнасць на саюзных святах дэманстравалася лаяльнасць беларускага народу Маскве. За гэта – лецішча ў Ляўках, персанальнае аўта з шафёрам і ордэн Леніна. І ў той жа час – допыты ў ГПУ.

«Усе балючыя перыпетыі яго лёсу – гэты пералом, спроба самагубства, у 1930-м, калі паэт даведзены да стану… рэжа сабе жывот, спрабуе зрабіць харакіры, гэта загадкавае падзенне ў лесвічны пралёт у Маскве. Усё, што не так з Купалам, казённыя гэтыя вершыкі пад прымусам напісаныя, усё гэтае «не так» як бы адлюстраванне нашага беларускага “не так”», – лічыць Андрэй Хадановіч.

Дагэтуль невядома, што здарылася тады, у 1942-м, у гатэлі «Масква». Але калі гэта было забойства, савецкі рэжым пралічыўся: у тым ліку трагічны лёс забяспечыў Купалу месца ў беларускім пантэоне легендаў: паэт зрабіўся адной з самых загадкавых і прыцягальных фігураў беларускай культуры.

Паводле Святланы Курс «у тым і справа, што вялікі талент падначаліць такой прымітыўнай, хоць і магутнай сіле як рэпрэсіўная таталітарная машына, немагчыма, таму што талент заўсёды знойдзе сабе шчыліну, ён як вада, ён для іх занадта вялікі, каб яны маглі яго засвоіць».

Таму Купала сёння гучыць не толькі на паэтычных вечарынах, і нават не толькі ў Мулявіна, Міхалка ці ў фільмах маладых рэжысёраў. Купала гучыць паўсюль.