Ціск на медыя


Эканамічны суд Менску не задаволіў пазову «Тут.бай» адносна дзеянняў экспертнай камісіі, што ўгледзела прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах парталу і сацыяльных сетак выдання. Рашэнне вынес суддзя Аляксей Русецкі. Паседжанне зрабілі закрытым.

«Калі закрыты судовы працэс, я не маю права каментаваць той інфармацыі, якая мне стане вядомая ў часе судовага паседжання», – кажа адвакатка Марыя Анапольская.

Прадстаўнікі экспертнай камісіі на паседжанне не прыйшлі. Рашэнне зрабіць разгляд справы закрытым афіцыйна патлумачылі рызыкаю агалашэння звестак, якіх менавіта, не ўдакладнілі.

«Мне не зусім зразумела, якая таямніца, якую ахоўвае закон, можа быць разгалошаная ў гэтым працэсе, бо ўся інфармацыя, якая можа быць даследаваная, адкрытая і ні пад якія таямніцы пад аховаю закону не падпадае», – мяркуе адвакатка Марыя Анапольская.

«Тут.бай» сярод іншых незалежных медыяў адкрыта распавядаў пра гвалт сілавікоў над удзельнікамі мірных пратэстаў і вязнямі, пра парушэнні заканадаўства ў часе леташняй выбарчай кампаніі. Пад увагу трапілі менавіта гэтыя матэрыялы. З ранейшых словаў экспертнай камісіі, у публікацыях крытыкаваліся прадстаўнікі ўлады і выключна пазітыўна прадстаўлялася апазіцыя. Гэтаксама камісія называла «Тут.бай» «схаваным каардынатарам пратэстаў».

«У тут баеўскіх матэрыялах знайсці экстрэмізм – гэта ўжо крыху смешнавата. Больш узважанага парталу, больш узважанага медыя ў Беларусі складана знайсці. Калі б гэтая інфармацыя стала агульнадаступнай, многія людзі канечне б разважалі пра гэта, каментавалі», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

У Берасці ж пачалі судзіць рэдактара папулярнага сайту «Першы рэгіён» Алега Супрунюка. Яго вінавацяць у распаўсюдзе інфармацыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Затрымалі Алега напярэдадні ўвечары ва ўласнай кватэры.

«Тая інфармацыя, якая ў нас была, – што жонцы адмовіліся тлумачыць, па якой прычыне затрымліваюць. Гэта вельмі моцна ўплывае: людзі не ведаюць, чалавека проста ўзялі і затрымалі. Гэта запужванне грамадства», – распавядае праваабаронца Раман Кісляк.

Падставаю для складання пратаколу сталася яшчэ лютаўская публікацыя. У ёй ішлося пра спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці асобаў і быў змешчаны здымак баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара ў кашулі з салярным арнаментам, які міліцыянты палічылі падобным да свастыкі. Склад правапарушэння адміністратыўны і прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх працаў або арышту.

«Улады ўвялі новыя артыкулы, яны актыўна імі карыстаюцца. Гэта ў прыватнасці артыкулы аб супрацьдзеянні экстрэмізму, распаўсюдзе гэтак званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядома, улады максімальна імі карыстаюцца і, наколькі мне вядома, Алег Супрунюк стаў ахвярай гэткай рэпрэсіўнай кампаніі», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Да суда рыхтуюцца і прадстаўнікі буйнога грамадска-палітычнага медыя «Гродна.лайф». Гарадзенская пракуратура просіць прызнаць тэлеграм-канал выдання экстрэмісцкім. Паседжанне ў справе прызначылі на 9-га ліпеня.

«Гэта проста чарговы крок кампаніі, якая ўжо даволі доўга цягнецца: кампаніі ціску на нас, якая пачалася недзе паўгода таму ў студзені, калі ў нас вынялі шмат тэхнікі, дагэтуль не вярнулі, адзін ноўтбук канфіскавалі, пасля былі суды па падобнай тэме – распаўсюдзе нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў», – кажа выдавец і галоўны рэдактар «Hrodna.Life» Аляксей Шота.

2020-ты год стаўся рэкордным для Беларусі ў колькасці рэпрэсіяў супраць незалежных медыяў. Гэткую ацэнку дала Міжнародная некамерцыйная арганізацыя IREX. У той жа час, паводле звестак «Nieman Reports», беспрэцэдэнтна вырас і давер да незалежных беларускіх медыяў, што лідаруюць у свеце паводле выкарыстання інструментаў для абыходу цэнзуры.

Юлія Лабанава, «Белсат»