Справа студэнтаў: скончыўся допыт абвінавачваных


У будынку суда Савецкага раёну сталіцы дзяжураць сілавікі, але на чарговае паседжанне ў справе студэнтаў ахвотныя могуць трапіць. Назіралі за працэсам і два замежныя дыпламаты. Сёння скончыўся допыт абвінавачваных.

«У мяне трое сяброў праходзяць у гэтай справе, таму я не магу не прыходзіць на паседжанні. Вельмі важна аказваць ім падтрыманне нават простай прысутнасцю. Яны могуць цябе ўбачыць, ты можаш іх убачыць, гэта дае ім зарад энергіі, дае сілы трымацца», – кажа Тэона, якая прыйшла на паседжанне.

Суд у крымінальнай справе студэнтаў пачаўся 14-га траўня. У справе праходзяць 12 асобаў, прызнаных палітычнымі вязнямі: дзесяцёра студэнтаў некалькіх сталічных вышэйшых навучальных установаў, выкладчыца Вольга Філатчанкава і прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям. Следства вінаваціць фігурантаў у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, займаліся іх рыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем.

«Хочуць прымусіць баяцца. Баяцца, замаўчаць, нічога не рабіць. Хочуць паказаць, маўляў, глядзіце якія будуць наступствы», – лічыць Тэона.

Наступнае паседжанне ў «справе студэнтаў» адбудзецца 9-га ліпеня, тады пачнуцца судовыя спрэчкі.

Працягваюць судзіць не толькі ўдзельнікаў мірных акцыяў, але і тых, хто пакідаў каментары ў сацсетках. У судзе Першамайскага раёну Віцебску Наталля Карабліна пачала разгляд крымінальнай справы Аляксандра Мацвеева. Мужчыну вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады – супрацоўніка патрульнай службы, які затрымліваў людзей падчас Маршу ўльтыматуму летась 25-га кастрычніка.

Аляксандр пакінуў каментар у «Інстаграме» пад допісам пра суд іншага віцябляніна, палітвязня Арцёма Ісакава, якога пакаралі трыма гадамі калоніі за выкарыстанне газавага балончыка супраць асобаў у цывільным. Да вынясення прысуду Аляксандр Мацвееў застаецца пад падпіскаю пра неразгалашэнне.

Працягваецца і ціск на нашых калегаў. У Берасці рэдактара навінаў сайту «Першы рэгіён» Алега Супрунюка вінавацяць у вырабе і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, справа датычыць рыхтавання журналісцкага матэрыялу, фота ў якім раней прызналі экстрэмісцкім.У пытанні, калі скончацца несправядлівыя суды над праціўнікамі рэжыму, апытаныя намі жыхары Менску пераважна згодныя:

«Я думаю, калі памяняецца ўлада ў краіне тады і скончацца».

«Я думаю некаторыя людзі ва ўладзе маюць зразумець што трэба штосьці змяніць».

«Калі больш людзей прыцісне да сцяны. Цяпер рэагуюць тыя, хто разумее да чаго гэта вядзе а тыя хто ўвосень не змог выйсці на забастоўкі – я думаю, што іх прыцісне калі не будзе заробкаў».

«Калі самі людзі скончацца – ці яны перастануць паказвацца ці ўсе будуць сядзець».

«Калі ён сыдзе з пасады тады і закончыцца найхутчэй, бо пакуль ён на пасадзе не дасць жыць тым хто супраць і выступае».

Тым часам судзяць і тых, хто ўжо адбывае пакаранне за нязгоду з вынікамі выбараў. У Гомлі – новы суд над няпоўнагадовым хворым на эпілепсію Мікітам Залатаровым. Палітычнага вязня, пакаранага пяццю гадамі выхаваўчай калоніі, цяпер вінавацяць у пагрозах і гвалце супраць працаўнікоў следчага ізалятару.

«Наконт працаўнікоў СІЗА ўсё відавочна, вы самі павінны разумець. У аднаго шыя такая, здаровы конь і рэшта такія ж, як яны там не справіліся з ім – я ня ведаю. Што гэта за псіхолаг такі, што за адмысловец, дзе ён вучыўся? Псіхолаг не можа ўгаварыць падлетка. Ды я б любога падлетка ўгаварыў бы без усялякай адукацыі. Яны праседжваюць штаны і атрымліваюць бюджэтныя сродкі. Грошай захацелі – падалі пазовы па тысячы рублёў», – кажа бацька палітвязня Міхаіл Залатароў.

Сам жа зняволены Мікіта Залатароў падчас працэсу заявіў, што яго па-ранейшаму збіваюць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»