Таварыскі двубой Саюзнай дзяржавы на стадыёне «Дынама»: Беларусь прымае Расею


Менскі стадыён «Дынама» зрабіўся месцам правядзення таварыскага двубою паміж нацыянальнымі камандамі Беларусі і Расеі. Апошні раз супернікі гулялі міжсобку 9 гадоў таму. Тады расейская зборная пад кіраўніцтвам Фаб’ё Капэллё перамагла беларускую каманду, якою кіраваў Аляксандр Хацкевіч, 4:2. Сённяшняй сустрэчы беларускія медыі надавалі асаблівы каларыт, нават не абышлося без Аляксандра Саладухі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі амаль праз тры гады зноў гуляе на тэрыторыі сваёй краіны. Пасля пачатку вайны ва Украіне Расею цалкам ізалявалі ад міжнародных спаборніцтваў. Беларусі больш пашанцавала: яе пакінулі на міжнароднай арэне, але афіцыйныя хатнія двубоі зборныя і клубы вымушаныя праводзіць на нейтральным полі. Гульня супраць Расеі – першая на сваім полі з восені 2021 года. Чаму такая ўвага надаецца гэтаму звычайнаму таварыскаму двубою?

«Я лічу, што там наратывы такія, што Расея – наш сябар. Давайце мы пакажам прыгожае свята футболу. Магчыма, яны хочуць паказаць усяму свету, як Беларусь і Расея і пры якой колькасці праводзяць матч», – распавёў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Праўладныя медыі моцна піяраць гэты двубой. Расейскую каманду ў аэрапорце нават сустракалі адпаведна славянскай традыцыі: хлебам-соллю.

«Таварыская гульня Расеі і Беларусі? Гэта галоўны матч года. У нас да яго такое стаўленне», – падкрэсліў пасол Беларусі ў Расеіў Дзмітрый Крутой.

Галоўны трэнер нашай зборнай Карлас Алёс прыцягнуў у каманду зоркавага Аляксандра Глеба. Маўляў, зможа падзяліцца досведам, гэта будзе карысна маладым гульцам.

«Па-першае, Карласа Алёса прымусілі ўзяць у штаб Сашу Глеба. Па-другое, гэта дастаткова нядрэнны піяр-ход з пункту гледжання таго, што такога ўзроўню футбаліст будзе працаваць у штабе. Яго ведае ўвесь свет», – дадаў Яўген Вяроўка.

Не скупіліся на хвалебныя оды ў сваіх выказваннях да матчу і былыя трэнеры зборнай Беларусі Эдуард Малафееў і Анатоль Байдачны.

«Трэба боскі футбол зрабіць. А боскі футбол – гэта сумленны і чысты футбол. Шчыльна можна гуляць, а жорстка – нельга. Тады і трыбуны будуць захапляцца: як выдатна!» – кажа былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Эдуард Малафеў.

«Матч неўзабаве для зборнай Беларусі – свята. Будуць гуляць у сябе ўдома. Дай Бог, каб быў добры двубой!» – зазначае былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны.

Зборная Беларусі па футболе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэніроўка беларускай зборнай па футболе.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Каб прыцягнуць як мага больш заўзятараў на трыбуны, у хаду пайшла і цяжкая артылерыя. Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» выпусціла адмысловы ролік з удзелам Аляксандра Саладухі.

У той час калі расейскія і беларускія футбалісты бавяцца ў таварыскіх двубоях, эліта рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы. Дарэчы, на трансляцыю першынства Старога Свету, якое стартуе 14-га чэрвеня, Беларускае тэлебачанне правоў не мае. Але спадзявалася скрасці карцінку і выдаць яе ў свой эфір. Аднак УЕФА паабяцала накласці санкцыі на нашыя клубы, якія сёлета згуляюць у Еўракубках, і БТ ад такой ініцыятывы адмовілася. А ўжо сёння высветлілася, што Міністэрства інфармацыі дазволіла паказваць іншыя турніры – Лігу нацыяў і таварыскія матчы – без згоды УЕФА.

«Адзін фактар – задавальненне попыту насельніцтва, бо футбол даволі папулярны від для Беларусі. І вось зараз вырашылі, што любым коштам гэта будзе паказана. Другі разлік звязаны з палітычным кантэкстам. Улады хочуць паказаць, што яны незалежныя і непадпарадкаваныя міжнародным санкцыям», – паведаміў медыяэксперт, старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Матч на сталічным «Дынама» – гэта пятая сустрэча камандаў Беларусі і Расеі ў гісторыі. Пакуль перавага ў вочных супрацьстаяннях на баку нашых суседзяў. Дарэчы, паводле інфармацыі сайту transfermarkt.world, агульны кошт гульцоў зборнай Расеі перавышае беларусаў больш чым у 14 разоў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»