Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастраецца


Польшча зменіць законы, каб лепш абараніць жаўнераў, што ахоўваюць усходнія межы. Канкрэтныя прапановы з’явяцца ўжо ў панядзелак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ідзецца пра тое, каб палажэнні закону адназначна падтрымлівалі польскага жаўнера, калі ён дзеля ўласнай абароны, ці дзеля абароны польскай тэрыторыі, ці дзеля абароны мяжы Польшчы выкарыстоўвае зброю. Ён мусіць мець пачуццё прававой бяспекі», – заявіў прэмʼер-міністр краіны Дональд Туск.

Дзеянні польскага ўраду – рэакцыя на смерць польскага жаўнера, параненага напрыканцы траўня на мяжы пад Белавежаю. Тады паўсотні іншаземцаў штурмавалі памежную агароджу з беларускага боку. Адзін з нападнікаў ударыў прывязаным да галіны дрэва нажом жаўнера, калі той спрабаваў перакрыць пралом у агароджы. Учора 21-гадовы Матэўш Сітэк памёр у шпіталі. Міністэрства замежных справаў Польшчы ўручыла ноту часоваму паверанаму ў справах Беларусі Аляксею Панкраценку.

«Польшча рашуча патрабуе спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізаваць міграцыйны рух. У сувязі з тым, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расследаваннем, якое вядзе пракуратура, Міністэрства замежных справаў таксама патрабуе высвятлення асобы і выдачы падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Міністэрства замежных справаў Польшчы.

У сярэдзіне траўня польскі ўрад заявіў, што накіруе на ўмацаванне мяжы 2,3 мільярды еўраў. Пасля кансультацыяў з мясцовымі ўладамі плануецца таксама вяртанне двухсотметровай буфернай зоны ўздоўж мяжы. Гэтую забарону на перабыванне ў трох дзясятках памежных населеных пунктаў без адмысловага дазволу польскія ўлады ўвялі ў 2021-м пасля пачатку міграцыйнага крызісу. І адмянілі ў 2022-м пасля пабудовы агароджы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская памежная служба.
Фота: Straz_Graniczna / Twitter

«Мы мусім абараняць свае межы. Значыць, на жаль, мы мусім ажыццяўляць большы палітычны прэсінг на Беларусь, каб яна разам з Расеяй спыніла дыверсійную дзейнасць на мяжы».

«Я лічу, што мае быць большым падтрыманне для польскага вайскоўца з боку дзяржавы».

«Польскія ўлады павінныя на форумах Еўразвязу рабіць захады, каб сам Еўразвяз пераняў пытанні, звязаныя з аховай мяжы. Бо гэта мяжа Еўразвязу, а не толькі Польшчы», – мяркуюць жыхары і госці Варшавы.

У апошнія тыдні спробы нелегальнага пераходу ў Польшчу з беларускага боку пачасціліся, агулам жа з пачатку года зафіксавалі ўжо больш за 17 тысяч такіх выпадкаў. Паводле Паўла Латушкі, узмацніць ціск на мяжу беларускаму Памежнаму камітэту загадаў Лукашэнка.

«Ён хоча стварыць сітуацыю, што беларусы зʼяўляюцца пагрозай для палякаў. Але я хачу аддаць належнае палітыкам і польскім СМІ. Я, наколькі гэта магчыма, начамі гляджу TVN, TVN24, POLSAT і яны стараюцца не выкарыстоўваць гэта так, што нібыта беларусы ствараюць пагрозу», – кажа Павел Латушка.

Афіцыйны беларускі бок датычнасць да арганізацыі міграцыйнага крызісу адмаўляе і, у сваю чаргу, абвінавачвае суседзяў у жорсткім абыходжанні з мігрантамі.

Ноту польскіх уладаў прэс-служба Міністэрства замежных справаў Беларусі назвала залішняй палітызацыяй канкрэтнага пытання. І заявіла пра гатовасць да аднаўлення супрацы ў праваахоўнай сферы. Правесці аднабаковае або двухбаковае расследаванне гатовы і Памежны камітэт Беларусі ў выпадку «атрымання канкрэтных звестак пра абставіны трагедыі». Ці можа быць, што рэжым спалохаўся наступстваў?

«Гэта магчыма, бо калі б было прынятае рашэнне пра перакрыццё мяжы, гэта нанесла б урон эканоміцы Беларусі. Але пытанне, ці ў нашых гэта інтарэсах – рабіць такі ўрон. Бо калі мы гэта зробім, то Беларусь будзе яшчэ больш залежная ад Расеі», – мяркуе былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі, журналіст onet.pl Вітальд Юраш.

Тым часам тэлеграм-канал «Мотолько помоги» паведаміў, што ў Менску ўпершыню з 2021-га года прызямліўся самалёт сірыйскай авіякампаніі «Cham Wings Airlines». Менавіта яна і прывозіла мігрантаў з арабскіх краінаў у Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»