Алігарх Лукашэнкі прайграў суд і застаецца пад санкцыямі


Гаманец Лукашэнкі, які зарабляў сотні мільёнаў долараў у Еўропе і часткова абыходзіў санкцыі, не змог гэтыя санкцыі адмяніць. Кіраўнік кампаніі «Амкадор» Аляксандр Шакуцін прайграў Генеральны суд супраць Рады Еўразвязу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фактычныя доказы, прадстаўленыя Радай Еўразвязу, дастаткова канкрэтныя, дакладныя і паслядоўныя, каб упэўніцца, што спадар Шакуцін атрымлівае выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Такое рашэнне вынес у сераду Генеральны суд Еўразвязу ў Люксембурзе.

«Аляксандр Васілевіч Шакуцін супраць Рады Еўразвязу. Генеральны суд, па-першае, адхіляе пазоў, па-другое, абавязвае Аляксандра Шакуціна аплаціць судовыя выдаткі», – падсумаваў у судовай залі Марк ван дэр Ваўдэ, старшыня Генеральнага суда Еўразвязу.

Аляксандр Шакуцін – кіраўнік холдынгу «Амкадор», вытворцы пагрузчыкаў і іншай тэхнікі, а ягоная сям’я валодае бізнесам па рээкспарце кветак у Расею. Таксама, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Шакуцін займаецца пастаўкамі агратэхнікі ва Ўсходнюю Еўропу праз фірмы-пракладкі.

«Кожны рэжым, кожны дыктатар мае сваіх любімчыкаў, тых, каго называюць “кашалькамі рэжыму”, якія сваімі дзеяннямі падтрымліваюць фінансавую жыццяздольнасць і нават карупцыйныя сувязі між асабіста дыктатарам і бізнесам», – кажа Пятрас Аўштравічус з дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі.

Раней такія ж позвы ў Суд Еўразвязу падавалі намеснік кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка, дэпутаты Алег Гайдукевіч, Святлана Любецкая і іншыя людзі Лукашэнкі. Частка з іх спрабуе або выйграць праз масавасць зваротаў, або запаволіць працу еўрапейскіх інстытутаў, мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Бізнесовец Аляксандр Шакуцін. Фота – belsat.eu

«Калі пачынае палаць у самой Расеі, і дроны лятаюць над Масквой, то яны самі сябе пытаюць, ці ёсць у іх будучыня з Расеяй. І таму мець альтэрнатыўны плацдарм вельмі важна. І мы ведаем таксама, што шмат хто набываў нерухомасць, меў актывы, праз жонак, сваякоў, меў нейкія афшоры», – нагадвае палітолаг з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Новы, 11-ты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі сёння не наблізіўся, хоць гэтага і чакалі. Усё яшчэ працягваецца падрыхтоўка дакументу са схаваным ад публікі супрацівам калійных лабістаў Лукашэнкі.

«ВіктарОрбан з’яўляецца чэмпіёнам у гэтым сэнсе, ён заўжды ў марафоне за Расею. І тут вельмі цяжка пераадолець супраціў адзінкавы ці некалькіх краінаў. Некаторыя краіны глядзяць вельмі лёгка на санкцыйны рэжым, і думаюць пра вяртанне на расейскі рынак», – тлумачыць Пятрас Аўштравічус.

Але Еўразвяз падтрымаў праект рэзалюцыі аб санкцыях, вынесены на 111-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе, на што адрэагавалі ў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Заходнія краіны разумеюць, што прайграюць санкцыйную вайну, якую вядуць супраць Беларусі. І каб апраўдаць свае незаконныя дзеянні, спрабуюць уцягнуць у гэтую брудную працу іншыя краіны і міжнародныя арганізацыі», – заявіў у Жэневе Міхаіл Орда, старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На справе гэта ў Беларусі парушаюцца правы працаўнікоў. Пасля 2020-га года былі знішчаныя незалежныя прафсаюзы, іх лідары і актывісты сядзяць у турмах. Агулам – 23 асобы. Таму Міжнародная арганізацыя працы пастанавіла разглядзець санкцыйныя захады супраць Беларусі. Праўладная федэрацыя Беларусі даводзіць, што гэта немагчыма.

«Сусветная федэрацыя прафсаюзаў, Канфедэрацыя прафсаюзаў СНД выразна заявілі, што сёння нельга прымаць нейкія дзеянні супраць працаўнікоў. Тым больш, што гэтыя дзеянні не мае права ніякім чынам прымаць Арганізацыя працы», – кажа Міхаіл Орда.

Насамрэч не, Міжнародная арганізацыя працы можа прыняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і падкантрольных яму прафсаюзаў, то бок супраць Міхаіла Орды таксама.

«У Міжнароднай арганізацыі працы адпаведныя прававыя механізмы аб прыняцці санкцыяў ёсць. І яны прымаліся і не адзін раз. І раней прымаліся супраць Беларусі. Таму тут няма чаго каментаваць, проста хлусіць чалавек», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Як тлумачыць эксперт, калі рэзалюцыю аб праблемах прафсаюзаў у Беларусі прымуць на такім міжнародным узроўні, гэта дапаможа прыняць і новыя санкцыі супраць Лукашэнкі, і ўзмацніць ранейшыя – на ўзроўні любой дзяржавы ці арганізацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»