Навошта Лукашэнку перамяшчаць войскі па тэрыторыі Беларусі і праводзіць нарады з вайскоўцамі?


Усім нам знаёмы выраз: «А я вам пакажу адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». Выглядае, што апошнія дзеянні беларускага камандавання пераварочваюць гэты мэм з ног на галаву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У чалавека, які назірае за перамяшчэннем войскаў па тэрыторыі нашай краіны ды нарадамі Лукашэнкі з вайскоўцамі, можа з’явіцца заканамернае пытанне: куды рыхтуецца напад з Беларусі? Міністэрства абароны сёння абвесціла пачатак ва ўзброеных сілах заняткаў па пераводзе з мірнага часу на ваенны. Цытуем:

«Агульная накіраванасць палягае на правядзенні комплексу паслядоўных трэнаванняў з усімі катэгорыямі вайскоўцаў, падраздзяленнямі, вайсковымі часткамі, злучэннямі, органамі вайсковага кіравання».

У той жа час украінскі Генштаб паведамляе, што Беларусь плануе павялічыць колькасны склад арміі з 60-ці да 80-ці тысячаў чалавек. Разам з тым у нашай краіне працягваецца перамяшчэнне ў тым ліку расейскай ваеннай тэхнікі і ўзмоцненая актыўнасць уздоўж мяжы з Украінаю, пераважна ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях.

Праз два тыдні ў Гомельскай вобласці плануюць правесці планавыя мабілізацыйныя вучэнні з вайсковымі камісарыятамі. Украінскі вайсковы эксперт лічыць, што гэта, хутчэй за ўсё, толькі дэманстрацыя сілы, каб адцягнуць баяздольныя ўкраінскія злучэнні з іншых франтоў. У іншым выпадку – зазначае Ігар Леўчанка – нязваных гасцей з Беларусі сустрэнуць ужо дасведчаныя брыгады ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны. Паводле эксперта:

«Гэтыя брыгады маюць так званую “егерскую” спецыфіку дзеянняў, якая прадугледжвае магчымасць дзейнічаць менавіта ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Калі прыняць да ўвагі характар баявых дзеянняў, які адбываўся ў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцях, то нічога добрага беларускае войска на ўкраінскай тэрыторыі не чакае па вялікім рахунку».

Тым часам нечаканы паварот атрымала гісторыя з так званым ноу-хау беларускага рэжыму: заявамі Міністэрства абароны пра актывізацыю войскаў тэрытарыяльнай абароны, рашэннямі Лукашэнкі раздаць зброю работнікам МНС і стварэнні так званага народнага апалчэння. У адказ на гэта байцы палка Каліноўскага заклікалі беларусаў далучацца да гэтых структураў, каб у час Ікс быць гатовымі вызваляць Беларусь:

«Такім шляхам вырашаецца некалькі задач, людзі атрымліваюць адпаведныя веды, досвед, настрэл, зброю і іншую інфармацыю дзе кропкі збору, склады, нейкая тэхніка, памяшканні. У гэтым мы бачым толькі плюсы».

Журналісты Zerkalo.io спрабавалі запісацца ў тэрытарыяльную абарону ці народнае апалчэнне: там ім распавялі, што дакументы на стварэнне народнага апалчэння быццам рыхтуюцца, а выраз «запісацца ў тэрабарону», цытата, «не зусім юрыдычна карэктны». Больш ніякай канкрэтыкі дабіцца не ўдалося. Дык ці не пі-ар гэта?

Баец палка Каліноўскага кажа:

«Тое, што яны будуць піярыцца і палохаць суседзяў нейкімі сваімі буйнымі арміямі, гэта можа быць цалкам. Але хай яны раздаюць зброю, хай паспрабуюць раздаць зброю беларусам. Я думаю вынік гэтага ўсяго будзе для іх нечаканы».

Ніводнага выпадку ўжывання сфармаванай у 2011-ым годзе беларускай тэрытарыяльнай абароны, акрамя адпаведных правяранняў «падрыхтаванасці і зладжанасці», не было.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»