Палітзняволеныя больш не атрымаюць незалежныя выданні


Змрочныя часы адбіліся і на газеце «Новы час». «Белпошта» выключыла выданне з падпіскі на другое паўгоддзе. Мы зможам яе чытаць у інтэрнэце, але для палітвязняў «Новы час» быў адзінаю незалежнаю газетаю, з якой яны даведваліся, што адбываецца ў краіне. Што будзе з тымі чытачамі, што ўжо падпісаліся на газету да канца года?

Пра тое, што падпісацца на газету «Новы час» больш немагчыма, у рэдакцыю выдання чытачы сталі паведамляць яшчэ ў пятніцу. На інтэрнэт-старонцы «Белпошты» з’явілася паведамленне: падпіска на другое паўгоддзе на друкаваную версію газеты зарытая. У лісце галоўнаму рэдактару кіраўніца «Белпошты» Святлана Юркевіч тлумачыць: разрыў дамовы пра распаўсюд, падпісанай яшчэ ў 2018-м годзе, звязаны з публікацыямі, якія супярэчаць заканадаўству аб СМІ.

«На самай справе рэакцыя «Белпошты» была для нас трохі дзіўная. Бо, па-першае, пералік гэтых артыкулаў і тых прэтэнзій – гэта пералік таго, што было напісана ў папярэджанні Генпракуратуры. Гэта ўсяго толькі папярэджанне галоўнаму рэдактару да выдання. Наўпроставага значэння гэта не мае», – адзначае галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

«Белпошта» абяцае вярнуць падпісчыкам аплату за другое паўгоддзе. Раней газету выкінулі з шапікаў «Белсаюздруку». Цяпер рэдакцыя плануе засяродзіцца на аднаўленні ўласнай сеткі распаўсюду. Аднак чытаць газету за кратамі будзе немагчыма. Сёння каля 440 палітычных вязняў атрымоўваюць «Новы час».

«Хачу падкрэсліць: у ліпені, у чэрвені газета па-ранейшаму будзе прыходзіць да нашых падпісчыкаў, у тым ліку да тых вязняў, якія ў турмах», – падкрэслівае Аксана Колб.

З праблемамі друку ды распаўсюду раней сутыкнуліся і іншыя незалежныя грамадска-палітычныя выданні.

«Колькасць незалежных выданняў у Беларусі вельмі невялікая. Грамадска-палітычных выданняў, я маю на ўвазе, крыху больш за 2 дзясяткі. Са жніўня мінулага года амаль усе цэнтральныя незалежныя выданні не могуць дайсці да чытача. І ўжо сутыкнуліся з такімі праблемамі некалькі рэгіянальных выданняў», – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Ціск зазнаюць ня толькі незалежныя выданні, але і журналісты. У турме застаецца журналіст «Новага часу» Дзяніс Івашын. Яго затрымалі 12-га сакавіка і абвінавацілі ва ўмяшанні ў дзейнасць сілавікоў. Учора Дзяніс адзначыў свой дзень народзінаў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, усяго за кратамі – 27 незалежных журналістаў. Сярод іх – журналісткі «Белсату» Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева.

Ігар Станкевіч, «Белсат»