Суды ў Беларусі працягваюцца


17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі вырак сёння агучылі апазіцыйнаму палітыку Валерыю Цапкалу. Яго судзілі завочна, паколькі Цапкала з 2020 года жыве за мяжой. Акрамя гэтага палітык пазбаўлены права займаць пасады, «звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў». Экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта абвінавацілі паводле 12 артыкулаў. Пракурор прасіў для яго 19 гадоў калоніі. І гэта не адзіная судовая расправа на сёння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Менску працягваецца разгляд справы над стваральнікамі тэлеграм-каналу «NEXTA», прызнанага рэжымам Лукашэнкі тэрарыстычным. Пракуратура хоча выставіць новае абвінавачанне Раману Пратасевічу і, завочна, Сцяпану Пуцілу ды Яну Рудзіку. Раней ім у віну ўжо ставілася парушэнне больш як дзесяці крымінальных артыкулаў.

«Я не спыняюся, працягваю рабіць злачынствы супраць дзяржавы Лукашэнкі, таму я думаю, што яшчэ 10-15 артыкулаў можна будзе адкапаць», – сказаў фігурант «справы Nexta» Ян Рудзік.

Вядома, што ў новым абвінавачанні Сцяпану Пуцілу ўжо не ставяць у віну навучанне і матэрыяльнае забеспячэнне ўдзельнікаў масавых пратэстаў. Таксама пракуратура ацаніла шкоду, нібыта нанесеную фігурантамі справы: больш як трыццаць мільёнаў рублёў.

«Як яны падлічвалі гэта, як яно там адбівалася? Яны казалі, што гэта і праца міліцыянтаў, там яшчэ нешта. Магло быць бы і больш, хаця 10 мільёнаў баксаў – гэта салідна ўсё-роўна. Я ганаруся сабой», – дадаў Ян Рудзік.

Тым часам у Магілёве праходзіць новы суд над палітзняволеным блогерам Уладзімірам Цыгановічам. Аўтара YouTube-каналу «MozgON» вінавацяць у «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі». У снежні 2021-га Уладзіміра асудзілі на пятнаццаць гадоў калоніі ў «справе Ціханоўскага». Палітвязня абвінавацілі ў нібыта арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці. У канцы 2022-га Цыгановічу ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на тры гады турэмнага рэжыму.

«Заўважце, што першыя арышты ў 2020 годзе пачаліся якраз з блогераў. Затрыманы Ціханоўскі ў Горадні, затрыманы я з Сяргеем Петрухіным, затрыманы “MozgON”. То бок пачалі “прасаваць” адразу ж блогераў, бо раптам зразумелі: гэта памылка, што гэтых людзей недаацанілі», – адзначыў народны рэпарцёр Аляксандр Кабанаў.

Паводле звестак сілавікоў, пасля 2020 года ў Беларусі завялі больш за паўтары тысячы крымінальных справаў экстрэмісцкай накіраванасці, да крымінальнай адказнасці прыцягнулі больш чым тысячу асобаў, да адміністратыўнай – каля пятнаццаці тысяч асобаў.

«На сённяшні момант, мне падаецца, ідзе поўная зачыстка і інфармацыйнага поля, і грамадзянскай актыўнасці. Вось гэтыя рэпрэсіі, якія адбываюцца штодзённа, затрыманні трэшаковыя са стральбой і гранатамі – гэта пасыл грамадству. Сядзіце і не рыпайцеся», – дадаў Аляксандр Кабанаў.

А ў Менску ў закрытым рэжыме завочна судзяць былога афіцэра ГУБАЗіКу Станіслава Лупаносава. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў, у тым ліку – у здрадзе дзяржаве. Раней экс-сілавіка залучылі ў спіс асобаў, датычных «тэрарызму».

Андрэй Сульжыц, «Белсат»