Магчымы дэфолт - пі-ар-акцыя Лукашэнкі, якая можа мець сур‘ёзныя наступствы?


Урад Лукашэнкі працягвае паўтараць паводзіны сваіх калегаў з Крамля ўва ўсіх сферах. Гэтак, сёння стала вядома пра планы афіцыйнага Менску спрабаваць націснуць на міжнародныя фінансавыя інстытуты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Урад Лукашэнкі сёння пастанавіў:

«Выкананне сваіх абавязанняў у пагашэнні асноўнага доўгу і адсоткаў па замежных дзяржаўных пазыках, прыцягнутых ад Сусветнага банку, Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, Паўночнага інвестыцыйнага банку Рэспубліка Беларусь будзе ажыццяўляць у беларускіх рублях паводле афіцыйнага курсу беларускага рубля да адпаведнай замежнай валюты на дату аплаты».

Паводле ўраду Лукашэнкі, гэты крок звязаны з санкцыямі супраць рэжымаў у Менску і Маскве. Нельга выключаць, што гэта чарговая пі-ар-акцыя ад нелегітымнага кіраўніка Беларусі, але яна можа мець сур‘ёзныя наступствы, калі рыторыка Драздоў не разыдзецца са справай і пры гэтым дамовіцца пра выплаты міжнародным інстытутам не ўдасца.

Эканаміст Аляксей Харкевіч кажа:

«Я думаю, што менавіта тут і цяпер ні адзін, ні другі бок на кампраміс ісці не гатовы. Таму ніякіх кропак паразумення шукаць не будуць. А калі іх не знойдуць, гэта будзе значыць, што Беларусь свае абавязанні пагашаць не будзе. Фактычна для нашых контрагентаў, для сусветнага рынку гэта будзе значыць, што Беларусь адмаўляецца ад сваіх абавязанняў, іншымі словамі – абвяшчае дэфолт».

У тым ліку з прычыны выплаты вонкавых пазыкаў золатавалютныя рэзервы Беларусі ў сакавіку скараціліся амаль на 8,5 % да ўзроўню 7,5 мільярдаў долараў. Да таго ж Нацбанк мусіў прадаць валюту на біржы для падтрымання курсу рубля. Не ў апошнюю чаргу з прычыны такога ціску на эканоміку рэжым Лукашэнкі спрабуе прыбягаць да альтэрнатыўных шляхоў нармалізацыі сітуацыі.

Раман Галоўчанка, старшыня ўраду Лукашэнкі, заяўляе:

«Каб максімальна хутка адаптаваць эканоміку да працы ў новых умовах і змякчыць гэты ўдар, урад перайшоў у мабілізацыйны рэжым працы. Штодзённа працуе аператыўна-сітуацыйны штаб. Пры неабходнасці рашэнні ўраду прымаюцца цягам 48 гадзінаў».

Цікава, што на гэтым фоне фізічныя асобы ў сакавіку купілі валюты ледзь не ўдвая менш, чым у лютым – 565 млн долараў супраць каля дзевяцісот (900) млн. Насельніцтва пры гэтым прадало валюты на больш як 800 млн долараў, выступіўшы чыстым прадаўцом у памеры 244 мільёны. Агулам, у першым квартале беларусы сталі чыстымі прадаўцамі памерам 312 млн долараў. Беларусам так трэба рублі?

«Цяпер у нас абсалютна ўнікальная сітуацыя, асабліва да таго як адкрыліся межы. У краіне гэтую валюту выдаткаваць немагчыма, адпаведна стымулаў у насельніцтва, каб яе закупляць, асабліва не было. І таму асноўны трэнд на рынку стваралі тыя, каму трэба было штось набываць тут і цяпер. Яны пазбаўляліся ад сваіх валютных запасаў», – кажа Аляксей Харкевіч.

Аднак з адкрыццём межаў Беларусі попыт на валюту можа істотна вырасці. Дый эканамічны ціск на рэжым Лукашэнкі дакладна не зменшыцца, а можа яшчэ і ўзмацніцца.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»