Беларусі трэба пачынаць з прызнання праблем. Сусветны дзень здароўя і прабелы ў нашай сістэме


Сусветная арганізацыя здароўя заклікала да справядлівага размеркавання вакцын, да большых інвестыцыяў краін у хуткае тэставанне. Праз год пасля абвешчання пандэміі каронавірусу і праз 100 дзён пасля пачатку вакцынацыі – з доступам да тэстаў і тым больш да прышчэпкі – усцяж праблемы. Таму дэвіз сёлетняга Сусветнага дня здароўя – «Пабудуем больш справядлівы, больш здаровы свет».

190 краінаў ужо пачалі вакцынацыю супраць каронавірусу. Толькі Ковакс даставіў 36 мільёнаў доз у 86 краін. З ланцужкамі паставак – парадак, але з сістэмамі аховы здароўя – не заўжды. Гэта выснова Сусветнай Арганізацыі здароўя, якая сутыкнулася з праблемаю распаўсюду ўжо гатовай вакцыны.

Кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус:

«Пашырэнне маштабаў вытворчасці і справядлівае размеркаванне застаюцца галоўнай перашкодаю спыненню вострай стадыі пандэміі. Гэта пародыя, што ў некаторых краінах медычныя работнікі і групы рызыкі застаюцца цалкам невакцынаванымі. Больш смерцяў там, дзе ёсць няроўнасць ва ўмовах жыцця людзей, якасці медычных паслугаў, а таксама ў доступе да ўлады, грошай і рэсурсаў».

Закід датычыць і Беларусі, улада якой адмовілася ад партыі бясплатных еўрапейскіх прышчэпак і запусціла ўласную вытворчасць расейскай вакцыны, на якой можна зарабляць. За тыдзень вырабілі 100 тысяч дозаў «Спутник V».

Мара пра калектыўны імунітэт мае ісці пасля рэальных справаў Міністэрстваў здароўя – лічыць кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус.

У Сусветны дзень здароўя дзяржавам прапанавана шукаць прабелы ў працы і пераразмяркоўваць фінансаванне. Беларусі трэба было б пачынаць з прызнання праблем – заўважыў лекар Расціслаў Савіцкі, нагадаўшы, як чыноўнікі адмаўлялі існаванне каронавіруса:

«Вялікая колькасць непадрыхтаваных сцэнароў прыёму пацыентаў, няправільнага лячэння. Вялікі пласт медработнікаў адразу перахварэлі гэтым вірусам, некаторыя атрымала ўскладненні, некаторыя памерлі, чаго ўвогуле быць не павінна. Гэта паказвае, што сістэма не адбылася ўвогуле».

Кажучы пра хібы ў сістэме аховы здароўя, адмысловец пачаў з нізу – участковыя лекары не забяспечаныя нават танометрамі і тэрмометрамі, і абслугоўваюць больш чым адзін участак. Да таго нізкія заробкі – прычынаю адтоку спецыялістаў за мяжу. Маем і мацнейшыя бакі:

«З лячэннем гіпертаніі, ішэмічнай хваробы сэрца і анкалагічных захворванняў. У гэтай галіне, можна сказаць, што нашая краіна больш ці менш яшчэ хоць неяк трымаецца на плыву. Таксама ў нас няблага развітае акушэрства – за кошт спецыялістаў, якія пакуль у нас працуюць», – падсумаваў Расціслаў Савіцкі.

Хваробы сэрца, ціск – гэта акурат найбольш распаўсюджаныя нядугі беларусаў, звязаныя найчасцей з вялікімі фізічнымі нагрузкамі, а хранічныя хваробы – з несвоечасовым звяртаннем да лекараў. Пытанне таксама ў харчаванні і ладзе жыцця. Берасцейцы кажуць:

«Напэўна не ўсе беларусы маюць магчымасць весці здаровы лад жыцця, бо гэта вельмі дорага».

«Ахова здароўя – грошы трэба мець на ўсё».

«Больш я піць не буду. Не п’ю ўжо чатыры тыдні і піць не збіраюся. Усё».

Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Юлія Цяльпук, «Белсат»