На $ 373 млн знізіліся ў лютым золатавалютныя рэзервы Беларусі. Гэта 5 % агульнага аб’ёму актываў, з якіх абслугоўваем вонкавыя даўгі. Гэтак пачалося сумнае падзенне рэзерваў у бок запланаванай гэтак званым урадам планкі – $ 6 млрд. Што адбываецца з грашыма дзяржавы і насельніцтва?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Не вельмі ўпэўнена на пачатку вясны трымаецца беларускі рубель. У аўторак ён працягнуў зніжэнне да ўсяго валютнага кошыку плюс еўра. На беларускіх гандляваннях долар падаражэў амаль на адсотак, з пачатку года – больш чым на тры адсоткі. У падобнай сітуацыі – расейскі рубель.
«Тое, што цяпер адбываецца з беларускім рублём, – гэта натуральны працэс. Усе пазітыўныя моманты, якія летась не давалі яму падаць, скончыліся, і зараз мы заўважаем, як расце нашае адмоўнае сальда, таму курс надалей будзе падаць», – лічыць бізнесовец Аляксандр Кныровіч.
Калі так, то лагічна не спяшацца з продажам валюты. У першыя два месяцы года насельніцтва больш актыўна прадавала яе – падлічыў Нацыянальны статыстычны камітэт. Прадалі на $ 31,6 млн, чымся набылі. Розніца не вялікая і пакуль што не трэнд – адзначае эканамістка Анастасія Лузгіна.
А вось скарачэнне дэпазітаў насельніцтва ў USD – сапраўдны трэнд. З 2015-га года беларусы забралі з валютных дэпазітаў 54 % сродкаў. Дэдоларызацыя – палітыка Нацбанку, кажа Анастасія Лузгіна.
«Ствараліся ўмовы, калі камерцыйныя банкі ўсталёўвалі нізкія адсоткавыя стаўкі па валютных укладах пры дастаткова канкурэнтаздольных стаўках у рублях. Гэта паступова змяняла структуру дэпазітаў насельніцтва з валютных на рублёвыя».
Прапанавалі гледачам зазначыць, як яны размеркавалі грошы з валютных дэпазітаў? 15 % апытаных трымаюць валюту ў скарбонцы. Яшчэ 77 % не давяраюць дзяржаве ніякіх грошай.
У апошнія некалькі гадоў палітычныя падзеі моцна ўплывалі на рубель і матывацыю насельніцтва трымаць зберажэнні ў банках.
«Цяпер стаўкі прыўпалі, але назіраецца невялічкі рост дэпазітаў. Таму мы не можам казаць, што цяпер ёсць нейкі адток. Наадварот у апошнія 6-7 месяцаў назіраецца слабое, але павелічэнне дэпазітаў у замежнай валюце».
У замежнай валюце ў першым месяцы года прыкладна на трыста мільёнаў выраслі міжнародныя актывы Беларусі ці золатавалютныя рэзервы. У лютым яны знізіліся амаль на чатырыста мільёнаў долараў.
Паколькі Нацбанк не справаздачыцца, на што выдаткаваў грошы, можам адно гадаць. У апошні дзень лютага Мінфін пагасіў запазычанасці па еўрааблігацыях. Некаторыя інвестары маглі паспець абмяняць гэтыя грошы на валюту, што стварыла б дадатковы попыт на ўнутраным рынку і продаж часткі рэзерваў, мяркуе Анастасія Лузгіна.
Другая магчымая прычына падзення ЗВР – пагаршэнне ў вонкавым гандлі.
«На эканоміку Беларусі сёння вельмі моцна ўплываюць санкцыі. Пачалося мінусавае гандлёвае сальда а знешнія крэдыты дае толькі Расея і дае з вялікімі цяжкасцямі. Таму здабыць валюту для эканомікі, што для бягучых разлікаў, што для таго каб ЗВР не падалі, наогул няма дзе», – канстатуе Кныровіч.
Згодна з яго прагнозам, абʼём рэзерваў будзе зніжацца да канца года, што можа негатыўна адбіцца на курсе нацыянальнай валюты.
Юлія Цяльпук, «Белсат»