Улады прызналі выбухі ў Мачулішчах


Самаабвешчаныя ўлады Беларусі нарэшце прызналі факт дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Афіцыйную версію здарэння агучыў асабіста Лукашэнка. Нагадаем, што ў выніку атакі дронамі быў пашкоджаны расейскі самалёт-выведнік A-50, які, імаверна, выкарыстоўваўся для каардынацыі ракетных удараў па Украіне. «Bypol» заявіў, што дыверсію здзейснілі беларускія партызаны і апублікаваў відэа, якое пацвярджала магчымасць такой атакі. Але, паводле Лукашэнкі, дыверсант прыбыў з Украіны і рыхтавалі яго СБУ і ЦРУ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш як тыдзень афіцыйны Менск аспрэчваў пашкоджанне расейскага самалёта-выведніка ў Мачулішчах. Сёння нарэшце здарэнне пракаментаваў сам Лукашэнка. У A-50, маўляў, толькі драпіны і адна прабоіна, што не замінае выконваць баявых функцыяў. Але лукашэнкаўцы папрасілі расейцаў яго замяніць – такая афіцыйная версія. Пытанне: навошта, раз з ім усё добра?

«Мінімальнае пашкоджанне радара або іншага абсталявання можа прывесці да таго, што самалёт нібыта выглядае нармальна. Іл-76 будзе лётаць, але А-50 не зможа выконваць сваіх функцыяў выведкі і навядзення на цэлі», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Міхайла Самусь.

Паводле «Bypol», дыверсію здзейснілі беларускія партызаны. У гісторыі ад Лукашэнкі – фігуруе ўкраінскі дыверсант.

«Рыхтавалі прадстаўнікі СБУ. Але тое, што мы ўбачылі, рэалізоўваючы аперацыю ў Беларусі, гэта было нешта неймавернае. Былі ўжытыя самыя высокія тэхналогіі. Яго вучылі ўсяму гэтаму не адзін месяц», – агучыў сваю версію Лукашэнка.

Але дроны цывільнага прызначэння, падобна, не так складана перарабіць, каб яны неслі выбуховыя прыстасаванні. Прынамсі, украінцы шырока гэта выкарыстоўваюць. Быць можа, менавіта так выглядаюць высокія тэхналогіі ў разуменні Лукашэнкі? І гэта не адзінае лагічнае несупадзенне.

«Мы высветлілі: ён быў прададзены ў Злучаныя Штаты Амерыкі, гэты беспілотнік кітайскі, потым вярнуўся ва Украіну, дзе быў навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі», – сцвярджае Лукашэнка.

Ці не прасцей і бяспечней было б купіць і дапрацаваць беспілотнік на месцы? Сам Лукашэнка абмовіўся, што такія дроны прадаюцца і ў Беларусі.

«Ён не можа нават уявіць, што звычайныя грамадзяне могуць усе ягоныя спецслужбы, усю гэтую банду дармаедаў, абуць у лапці. Вельмі проста з дапамогай звычайнай цывільнай тэхнікі зрабіць тое, што для так званых гуру вайсковай справы ёсць недасяжнай вышынёй», – мяркуе журналіст «Белсату», аглядальнік «Belarus Security Blog» Зміцер Міцкевіч.

Так званы «тэрарыст» нібыта хацеў прыехаць з Польшчы праз Берасце, але спужаўся, што са сваім украінскім пашпартам прыцягне ўвагу. Таму рушыў праз Латвію і Расею і трапіў у Беларусь на падставе ўнутранага расейскага пашпарта. Але ў выніку быццам бы бліскучай аперацыі лукашэнкаўскіх спецслужбаў яго затрымалі.

«Яго ўзялі ў першай жа кватэры. Пад Бараўлянамі, у нейкім асабняку садовага таварыства. У склепе – друкарня з рознага кшталту анучамі бчб-шнымі і іншай літаратурай», – распавёў Лукашэнка.

Усё змяшалася: тут табе і СБУ, і ЦРУ, і так званыя «змагары». Ці вартая даверу гэтая гісторыя? Лукашэнка і раней рабіў гучныя заявы, што не пацвярджаліся фактамі. «Bypol» версію пра ўкраінскага дыверсанта ў Мачулішчах адмаўляе. Але сілавікі, як паведамляецца, затрымалі падазраванага і ягоных меркаваных паплечнікаў. Агулам – дваццаць асобаў.

«Карнікі могуць ужываць такія метады, што чалавек прызнаецца ў чым хочаш. Мы не ведаем, хто гэты чалавек. Чаму ён прызнаўся – ужо зразумела. Лукашэнку трэба паказаць, што ён усёмагутны, што ён можа знайсці вінаватых», – сказаў у інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік «Bypol» Аляксандр Азараў.

Самалётная справа можа стаць пачаткам цэлае хвалі новых рэпрэсіяў.

«Па ўсёй краіне правесці жорсткую зачыстку. Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць», – звярнуўся Лукашэнка да сваіх сілавікоў.

Не стрымліваў ён эмоцыяў і калі казаў пра вонкавых апанентаў. Гэтак, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Лукашэнка назваў «гнідай».

«У вусатага дыктатара зусім здалі нервы. І гэта не проста веснавое абвастрэнне. Гэта пачуццё немінучага канца. Добрых хадоў практычна няма», – каментуе гэтыя заявы прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Адметна, што сваім топ-сілавікам Лукашэнка не ўчыніў публічнага разносу за тое, што праваронілі дыверсію. Наадварот – узнагародзіў іх за нібыта паспяховую аперацыю затрымання так званага ўкраінскага тэрарыста.

Валянцін Васіленка, «Белсат»