Расейцы цынічна забілі бяззбройнага палоннага ўкраінскага жаўнера


Забіты на сваёй зямлі. За словы ў яе гонар. Камандаванне сухапутных войскаў ЗСУ паведаміла, што на жорсткім відэа – украінскі жаўнер Цімафей Шадура, 1982 года нараджэння. Ён значыўся зніклым без вестак ад сёлетняга трэцяга лютага. У сваю чаргу, вядомы ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў кажа, што забіты – Аляксандр Маціеўскі, жаўнер тэрытарыяльнай абароны гораду Ніжын. Нягледзячы на супярэчнасці ў вызначэнні асобы забітага, факт застаецца фактам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейцы цынічна забілі бяззбройнага палоннага ўкраінскага жаўнера.

«ЗСУ заўсёды ставіцца да падобных злачынстваў супраць нашых пабрацімаў без талерантнасці. Безумоўна, мы зацікаўленыя ў тым, каб датычныя да злачынства былі знойдзеныя і прыцягнутыя да справядлівага суду. А ў дачыненні да астатніх расейскіх злачынцаў мы маем права на сваёй тэрыторыі дзейнічаць згодна з украінскім і міжнародным законам. Яны будуць знішчацца ў выпадку супраціву», – кажа капітан ЗСУ Тарас Беразавец.

Кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба заклікаў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе расследаваць абставіны здарэння. Паводле Кулэбы, гэты відэазапіс – яшчэ адзін доказ таго, што цяперашняя вайна ёсць генацыдам украінцаў. Да таго ж, Расея падпісвала Жэнеўскую канвенцыю, асноўныя тэзісы якой сведчаць, што: шпіталі і медычны персанал у зонах ваенных дзеяў мусяць быць абароненыя ад нападаў; параненым, не здольным больш да вядзення ваенных дзеяў, мусіць быць нададзеная медычная дапамога; ваеннапалонным мусіць быць гарантаванае гуманнае абыходжанне. Паводле адваката, які займаецца зборам доказаў ваенных злачынстваў расейскай арміі, Аляксея Ясюнецкага:

«Ён без зброі, ніякай небяспекі расейскім вайскоўцам ён не нёс. Таму і яны мусяць да яго ставіцца адпаведным чынам. Таму расстрэл, катаванні і іншыя дзеянні, што прыніжаюць чалавечую годнасць, забароненыя Жэнеўскай канвенцыяй».

«Гэта ваеннае злачынства. У нас у краіне тыя людзі, якія гэта здзейснілі, калі яны будуць знойдзеныя, – атрымаюць максімальнае пакаранне. Пажыццёвае зняволенне», – дадае ягоны калега Юрый Белавус.

Буча, Ірпінь, разбамбаваны драматычны тэатр у Марыупалі з цывільнымі грамадзянамі ўнутры, масавыя пахаванні забітых расейскімі войскамі ўкраінцаў, ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах, катавальні, што знаходзяць на вызваленых ад акупантаў тэрыторыях, – гэткія сляды пакідае за сабою ва Украіне так званы расейскі свет.

Станам на канец сёлетняга лютага ўкраінскія службы зарэгістравалі восемдзесят сем тысяч ваенных злачынстваў. Як мінімум дзесяць тысяч цывільных асобаў загінулі. Сярод іх – чатырыста шэсцьдзесят адное дзіця. Каля чатырнаццаці тысяч украінскіх дзяцей дэпартаваныя ў Расею. Сто семдзесят тысяч расейскіх вайскоўцаў унесеныя ў адмысловую базу «Ваенны злачынец». Аляксей Ясюнецкі не здзіўлены такім станам рэчаў:

«Я думаю, што гэта прыродны стан расейскай арміі. Яны гэтым займаліся заўсёды. Падобнае было ў Чачэніі, Грузіі, Прыднястроўі. Няма нічога дзіўнага. Дастаткова перачытаць матэрыялы расейскага “Мемарыялу” наконт Чачэніі – мы пабачым тое ж самае».

Акрамя ўкраінскіх службаў, дакументаваннем ваенных злачынстваў займаюцца і адмыслоўцы на добраахвотнай аснове. Група юрыстаў працуе над тым, каб Расея на міжнародным узроўні не змагла ўнікнуць адказнасці.

«Пакаранне вышэйшага ваеннага кіраўніцтва. Шайгу, Патрушаў, Пуцін. Для гэтага трэба стварыць спецыяльны трыбунал, дзе іх асудзяць за падрыхтоўку, планаванне, вядзенне агрэсіўнай вайны супраць нашай краіны. У іх на сёння замарожаныя сотні мільярдаў долараў у заходніх банках. Гэта грошы Расеі. Мы хацелі б, каб гэтыя грошы праз пэўныя працэдуры патрапілі сюды на аднаўленне нашай краіны, на пакрыццё як маральнай, так і матэрыяльнай шкоды ўкраінскім грамадзянам, украінскаму бізнесу, украінскай дзяржаве», – кажа Юрый Белавус.

Відэа расстрэлу ўкраінскага жаўнера атрымала вялікі розгалас за апошнія содні. У сеціве адбываецца флэш-моб, людзі публікуюць фатаграфіі і малюнкі з сілуэтам салдата, каб засведчыць украінскую нязломнасць. У Вярхоўнае Радзе ініцыявалі наданне забітаму звання героя Украіны. «Герою слава!» – адказваюць людзі на апошнія словы ваяра.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»