Людзей затрымліваюць і судзяць, а бараніць іх няма каму


У Беларусі адвакатаў засталося на тры дні. Гэта вынікае з інфаграфікі, якую прэзентавалі на калегіі Мінюсту, падводзячы вынікі году. На ёй значыцца лічба 1868 адвакатаў паводле стану на 1 студзеня 2022 года. Гэта азначае, што цяпер у Беларусі адзін абаронца прыпадае прыблізна на 5 тысячаў чалавек.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адсутнасць канкурэнцыі адбіваецца на якасці прававой дапамогі, на немагчымасці людзям знайсці сабе адваката. І таксама на коштах гэтай самай дапамогі», – расказвае Дзмітрый Лазавік, адвакат, якога пазбавілі ліцэнзіі.

Нядаўна адвакатаў у нашай краіне было больш за 2 тысячы. Аднак з кастрычніка 2020 года Мінюст пачаў пазбаўляцца тых, хто выступаў супраць гвалту і браўся за абарону фігурантаў палітычных справаў. Гэтак, ліцэнзіі забралі, між іншых, у адвакатаў Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Мікалая Статкевіча – у Аляксандра Пыльчанкі, Людмілы Казак, Уладзіміра Сазанчука і Дзмітрыя Лаеўскага.

Трапілі пад пераслед і абаронцы журналістаў Сяргей Зікрацкі і Андрэй Мачалаў. Яны займаліся ў тым ліку справаю нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

«Здаўна існуе такая сітуацыя, што па сутнасці адвакатура на 99 % залежыць ад Міністэрства юстыцыі. Гэта парушэнне міжнародных дакументаў, у тым ліку тых дамоваў, у якіх удзельнічае Рэспубліка Беларусь», – тлумачыць пазбаўлены ліцэнзіі адвакат.

У Беларусі ж працягваюцца затрыманні. Гэтак, стала вядома, што ў пятніцу ў Гомлі сілавікі прыйшлі да дачкі Алы Марціновіч – псіхолага, якая ў выніку пераследу пакінула Беларусь.

«Адзінае, за што яе маглі ўзяць, – толькі за мае пратэсты. Але каб яна адказвала за мае пратэсты… Настолькі 37-ы год – мне нават у галаву такое не магло прыйсці», – мяркуе Ала Марціновіч, псіхолаг, маці затрыманай Ксеніі.

13 содняў арышту прысудзілі фатографу-фрылансеру Уладзю Грыдзіну быццам за непадпарадкаванне ў часе ператрусу. У кватэру да яго прыйшлі ў пятніцу. У пастанове была пазначаная крымінальная справа, датычная «масавых беспарадкаў».

«У сітуацыі, калі большасць выданняў выехала, яны проста ходзяць па нейкіх журналістах, закідваюць на содні, далучаюць да нейкіх крымінальных справаў. Таму цяпер усе пад пагрозай, але тыя, хто працаваў на “Свабоду”, на “Белсат”, на вялікія медыі – пад пагрозай асаблівай», – разважае Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Цяпер за кратамі застаюцца 33 прадстаўнікі беларускіх медыяў. У тым ліку наш калега, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які чацвёрты дзень трымае галадаванне на вадзе. Ён патрабуе змяніць меру стрымання і паскорыць расследаванне ў ягонай справе.

Каля офісу Еўракамісіі ў Вільні беларусы сёння правялі акцыю салідарнасці са спадаром Уладзімірам:

«Калі такі чалавек ідзе на галадаванне, значыць яго там катуюць, здзекуюцца з яго».

«Складаная сітуацыя. Уладзімір ужо трымаў галадаванне, і ён у гэтым плане самавызначаны чалавек, ён будзе ісці да канца. І часу не так шмат, таму трэба максімальна хутка стварыць рэзананс».

«Гэта чалавек вельмі добры. Яго, як і шмат каго добрага, рэжым забівае, знішчае, саджае. Адпаведна трэба вызваляць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў звесткі аб пераследзе за студзень. Вынік несуцяшальны. Вядома пра 148 палітычна матываваных працэсаў. У пратэставых справах асудзілі 79 чалавек.

Марыля Дакуцька, «Белсат»