Улады Казахстану задзейнічалі крымінальнікаў у пагромах. Эксперты: гэта барацьба кіруючых эліт


Шосты дзень пратэстаў у Казахстане. Усе будынкі гарадскіх і раённых адміністрацыяў – пад кантролем дзейнай улады, паведамілі зранку ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Прэзідэнт Такаеў тым часам аддае загад без папярэджання страляць на паражэнне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За мяжой заклікаюць правесці перамовы, каб вырашыць праблемы мірна. Якое глупства. Якія могуць быць перамовы са злачынцамі, з забойцамі? Нам давялося мець справу з узброенымі і падрыхтаванымі бандытамі», – казаў у сваёй прамове прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Улады выкарыстоўвалі для правакацыяў зняволеных крымінальнікаў. Пра гэта ў жывым эфіры «Белсату» заявіў заснавальнік праваабарончага праекту «Gulagu.net» са спасылкаю на асабістую крыніцу.

«У падрыхтоўцы пагромаў пацвярджаецца ўдзел пэўных апазіцыйных лідараў. Пацвярджаецца, што іх дзейнасць каардынавалася кімсьці з супрацоўнікаў Камітэту Нацыянальнай Бяспецы Казахстана», – спасылаецца на свае крыніцы заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін.

Казахскі апазіцыянер Уладзімір Казлоў лічыць, што Камітэт нацыянальнай бяспекі непасрэдна звязаны з пляменнікам былога прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева Саматам Эбішам. Доўгі час родзіч Назарбаева займаў у камітэце кіроўную пасаду, быў першым намеснікам старшыні.

«Я цяпер упэўнены, што ён рыхтаваўся пад гэтую гадзіну »х«. Ён – прадстаўнік радыкальнага ісламу, радыкальнага напрамку ісламу, і ў апошні час мы адзначылі: вельмі шмат крымінальных асобаў, спартовых людзей падтрымліваюцца гэтым накірункам, фінансава падтрымліваюцца і, як працяг, вярбуюцца. І мы разумелі, што рыхтуюцца нейкія баявыя групы», – лічыць апазіцыйны палітык Уладзімір Казлоў.

Пад баявымі групамі Уладзімір Казлоў мае на ўвазе непасрэдна тых, хто ўчыніў узброеныя пагромы. Дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Fergana.ru» Данііл Кіслоў перакананы: уладу дзеляць кіроўныя эліты.

«На вуліцах, насамрэч, ідзе барацьба кланаў. Барацьба паміж родзічамі, пляменнікамі, будзем казаць адкрыта, былога прэзідэнта Казахстану Елбасы Нурсултана Назарбаева, які, як мы ведаем, увогуле знік і цяперашнім дзейным прэзідэнтам Такаевым, якому не падпарадкоўваецца ні КНБ, ні армія, ні паліцыя пакуль», – тлумачыць дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Fergana.ru» Данііл Кіслоў.

Як падкрэслівае рэдактар казахскага парталу Orda.kz Гульнара Бажкенова, імёны Нурсултана Назарбаева і ягоных сямейнікаў ня згадваюцца ў афіцыйных крыніцах інфармацыі. А месцазнаходжанне клану невядомае.

«У нас ёсць інфармацыя, што першы прэзідэнт і ягоныя дочкі са сваймі сем’ямі пакінулі Казахстан. У краіне застаецца толькі старэйшы брат – Балат Назарбаеў. Таксама ў афіцыйных паведамленнях і выступах сталіцу не называюць Нур-Султанам», – паведаміла галоўная рэдактарка Orda.kz Гульнара Бажкенава.

У сераду Такаеў адправіў Назарбаева ў адстаўку з пасады старшыні Рады бяспекі. Назарбаеў узначаліў Раду ў 2019-м годзе, пасля 29-гадовага прэзідэнцкага тэрміну. Да гэтага было савецкае партыйнае кіраўніцтва. Лічыцца, што Такаеў правіў краінаю намінальна.

Міністэрства ўнутраных справаў Казахстану распачало крымінальныя справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Пачалося расследаванне паводле артыкулу аб актах тэрарызму. Вінаватым можа пагражаць ад 8-мі гадоў да пажыццёвага тэрміну.

«Усяго затрыманыя больш за 3000 злачынцаў, зліквідаваныя 26, яшчэ 18 узброеных тэрарыстаў параненыя», – казалі раніцай у МУС Казахстану.

Каб захаваць жыццё, лепш на вуліцу не выходзіць, лічыць Уладзімір Казлоў. Лагічны націск на слова «пратэстоўцы», каб аддзяліць іх ад правакатараў.

«Таму што цяпер падзеі ўвайшлі ў тую фазу, калі жаўнеры страляюць ва ўсё, што рухаецца, і я нават магу іх зразумець. Таму што ў іх страляюць таксама з-пад кожнага каменя, з-пад кожнага кута », – казаў Уладзімір Казлоў.

Паводле апошніх, афіцыйных звестак 18 супрацоўнікаў праваахоўных органаў загінулі, яшчэ 748 паліцыянтаў і вайскоўцаў Нацгвардыі пацярпелі.

Надзея Бельская, «Белсат»