Са святам Раства, беларусы!


Частка праваслаўных вернікаў святкуюць Божае Нараджэнне. Акрамя Расейскай праваслаўнай царквы ўрачыстыя набажэнствы ладзяць Сербская, Ерусалімская, Грузінская і Польская праваслаўныя цэрквы, якія трымаюцца юліянскага календара. Святочная служба адбылася і ў Віфлееме.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У свята Раства праваслаўныя вернікі традыцыйна наведваюць царкву. Службы пачынаюцца ўвечары шостага студзеня. У Менску ўрачыстыя набажэнствы адпраўляюць у 45-ці святынях. Паводле Белстату, да праваслаўных вернікаў сябе адносяць больш за палову нашых суайчыннікаў. Паводле народных традыцыяў, сёння ж па хатах будуць хадзіць з песнямі калядоўнікі.

Пойдуць беларускія калядоўнікі сёння па хатах і па-за межамі нашае бацькаўшчыны. Да прыкладу, Алена Радзькова, якая ў 2020-м годзе была даверанай асобаю Святланы Ціханоўскай, прайшла праз штрафы ды арышты. Улады пагражалі забраць сына, таму Алена была вымушаная з’ехаць з роднага Наваполацку ў Кіеў.

«У нас ёсць свой сцэнар, мы размеркавалі ролі. Пойдзем калядаваць да ўкраінцаў, суседзяў», – дзеліцца планамі Алена.

Да калядных традыцыяў дадаецца і ўдзячнасць Украіне за прытулак, падкрэслівае Алена.

Зрэшты, сімпатыкаў Беларусі сярод кіянаў таксама знайсці не складана. Як і пачуць на вуліцах украінскай сталіцы віншаванні ды зычэнні для беларусаў.

Жыхары Кіева:

«Я звычайным беларусам, як і ўсім людзям, зычу шчасця, удачы, любові. І веры! Самае галоўнае – веры, веры ў будучыню. І міру».

«Цярпення і цярпення. І надзеі на тое, што Беларусь усё-ткі стане незалежнаю дзяржаваю, братняй для нашай Украіны».

«Пажаданне – перажыць і выйсці з гэтага. Таму што чалавек выпрабоўваецца ў цяжкасцях, а не ў дабротах і дабрабыце. Для вас зараз ідзе выпрабаванне».

З зразумелых прычынаў «Белсат» не можа сёлета запісаць віншаванні ды казанні святароў у Беларусі. А таму слова – зноўку ж – святару з Украіны. Балазе ўсе словы, прамоўленыя ад шчырага сэрца, – актуальныя незалежна ад мовы і нацыянальнасці.

«Калі мы прыходзім да Бога на Раство, то найлепшым падарункам для яго будзе мая адкрытая душа, маё адкрытае сэрца і мая любоў, якая гадуецца ў маім сэрцы», – кажа ўкраінскі праваслаўны святар Міхаіл Амяльян.

Любоў, якая робіць нас усіх мацнейшымі і якая дапамагае перажыць найчарнейшы час.

Валера Руселік, «Белсат».