Чым завяршыўся візіт Святланы Ціханоўскай у Швецыю?


Завяршыўся двухдзённы візіт Святланы Ціханоўскай у Швецыю. Адбыліся сустрэчы са шведскім кіраўніцтвам, але найбольш эмацыйнымі сталіся спатканні з беларускай дыяспарай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Швецыя – флагман дэмакратыі ў Еўразвязе. Шведскія грамадзяне праз бюджэт выдаюць вялікія грошы на адукацыйныя і грамадскія праекты ў блізкіх і далёкіх суседзяў, каб свет быў больш бяспечны і свабодны. Перад шведамі, але і перад беларусамі і ўкраінцамі Святлана Ціханоўская абазначыла пазіцыю Беларусі ў справе расейскай агрэсіі падчас антываеннага мітынгу.

«Сёння два тыраны – Лукашэнка і Пуцін – трымаюць маю краіну ў закладніках. Сёння мая любімая Беларусь выкарыстоўваецца дыктатарамі ў іх злачынствах супраць Украіны, а тысячы людзей кідаюць у турмы або высылаюць у выгнанне», – заявіла Ціханоўская.

У Стакгольм Святлана Ціханоўская прыбыла на запрашэнне прэм’ер-міністра і была прынятая на найвышэйшым узроўні. Прадстаўніца Беларусі абмеркавала з Ульфам Крыстэрсанам сітуацыю вакол беларускіх палітвязняў: Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага ды іншых. Распавяла пра суд над рэйкавымі партызанамі, якія ладзілі дыверсіі, каб перашкодзіць вайне Расеі супраць Украіны.

«Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэмʼер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам. З міністрам замежных справаў, з міністрам унутранай міграцыі. Выступіла на мітынгу ў падтрымку Украіны, дзе ўдзельнічалі і ўкраінскія дэпутаты Вярхоўнай Рады», – распавёў Франак Вячорка, старэйшы дарадца абранай прэзідэнткі.

Сустрэча з міністрам замежных справаў была прысвечаная падтрыманню Беларусі падчас старшынства Швецыі ў Еўразвязе ды размарожванню шведскай дапамогі Беларусі ў справах адукацыі і грамадзянскай супольнасці. З міністаркай у справе міграцыі Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне міжнароднай абароны для беларусаў-уцекачоў.

«Гэта адна з рэчаў, на якія можа звярнуць увагу офіс Святланы Ціханоўскай, – тое, што Швецыя адхіляе заяўкі на статус уцекача і абарону з боку беларусаў. На 2021 год Швецыя адхіліла 98 % заявак», – тлумачыць даследніца Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік.

То бок уратавацца ад рэпрэсіяў у Швецыі змаглі толькі некалькі беларусаў. Адбыліся сустрэчы са спікерам і дэпутатамі рыксдагу (шведскага парламенту), з прэзідэнтам гарадской рады Стакгольму і з прэзідэнткай Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Маргарэтай Седэрфельт.

«Персанальны інтарэс, які выбудоўваецца праз сустрэчы Офісу, Кабінету, асабіста Святланы з прадстаўнікамі краіны высокага статусу, прыводзіць да публічных выказванняў з боку гэтых палітыкаў, росту ўвагі СМІ да Беларусі і, адпаведна, аўдыторыі», – падкрэслівае Леся Руднік.

Як тлумачыць экспертка, адна з галоўных задачаў Святланы Ціханоўскай – трымаць пытанне Беларусі на парадку дня, каб пра нас не забывалі. Пры гэтым Леся Руднік падкрэслівае, што беларусам варта дэманстраваць канкрэтныя вынікі працы Кабінету ў замежных візітах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»