Новая хваля масавых звальненняў не верне легітымнасць Лукашэнку


У Беларусі набірае моц новая хваля – але не захворванняў, а звальненняў. Па спісах, даведзеных з КДБ ды іншых спецслужбаў, кіраўнікі дзяржаўных установаў ды прадпрыемстваў звальняюць з працы медыкаў, настаўнікаў, працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. Напярэдадні лютаўскага рэферэндуму ўлады вырашылі пазбавіцца ад нелаяльных працаўнікоў. Чым небяспечна звальненне па «чорных» спісах і што з гэтым рабіць у матэрыяле Антона Каменскага.

У РНПЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі прыйшлі спісы на звальненне. Як паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты», сярод «кандыдатаў» трое рэдкіх і вельмі запатрабаваных спецыялістаў – лекараў рэнтгенадыягностыкі. А ў Мазырскай раённай больніцы чарговы план звальненняў. На 23 спецыялісты.

«Ад таго, што ў Мазырскай больніцы звальняецца такая колькасць людзей, яны раней рабілі некаторыя анкалагічныя аперацыі, а зараз няма каму рабіць, іх скіроўваюць у Гомель. У Гомлі вялікая чарга, бо яны паводле маштабаў на спраўляюцца. 1352 І так паўсюдна. Гэта ўсё адбіваецца на народзе», – перакананая каардынаратка Фонду медычнай салідарнасці Беларусі Анастасія Піліпчык.

Каб сабраць інфармацыю пра масавыя звальненні сярод медыкаў, Фонд медычнай салідарнасці стварыў адмысловую онлайн-анкету. На сённяшні дзень яе запоўнілі каля 70 чалавек.

Медыкі сталі ў ланцуг салідарнасці. 13 жніўня 2020 г.
Фота: «Белсат»

«Зараз пачалася асабліва моцная хваля звальнення медыкаў. Не ведаем, з чым гэта звязана, але, магчыма, з рэферэндумам, які будзе, або з жаданнем пакараць тых медыкаў, якія выказвалі сваю пазіцыю», – мяркуе Анастасія Піліпчык.

Пакараць улады жадаюць ня толькі медыкаў, але і настаўнікаў, працаўнікоў дзіцячых садкоў ды іншых дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў. Паводле інфармацыі кіраўніка Беларускага аб‘яднання рабочых Сяргея Дылеўскага, на кожнае буйное прадпрыемства прыйшоў загад звольніць ад 70 да 250 працаўнікоў. У само аб‘яднанне па дапамогу ўжо звярнулася каля 300 асобаў.

«Можа быць, гэта спроба згладзіць гэты супраціўленчы настрой перад рэферэндумам, але яно ніякіх вынікаў не прынясе, апроч яшчэ большай нянавісці беларускага народу да дыктатара», – адзначыў Сяргей Дылеўскі.

Пасля звальнення паводле чорных спісаў знайсці новую працу будзе вельмі складана, асабліва ў малых гарадах, папярэджвае намеснік старшыні незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

«Я лічу, што тыя тысячы, якія зараз звольненыя, – ім вельмі цяжка будзе ўладкавацца на іншую працу, таму што ў Беларусі працуе тэлефоннае права. І зараз патрабуюць характарыстыку з мінулага месца працы».

Больш за тое, пасля звальнення працаўнік можа трапіць у новы спіс – дармаедаў. А гэта ўжо пагражае значным ростам тарыфаў на камунальныя паслугі.

«Калі мы не будзем адстойваць сваіх правоў шляхам страйку, шляхам байкатавання вытворчага працэсу, шляхам выканання нашых правоў, мы не здолеем адстойваць сваіх саратнікаў, сваіх людзей, сваіх супрацоўнікаў на гэтых дзяржпрадпрыемствах», – заявіў Сяргей Дылеўскі.

Прадстаўнікі ўсіх трох аб‘яднанняў раяць не пісаць заяваў аб звальненні паводле ўласнага жадання ці паводле пагаднення бакоў, праяўляць салідарнасць з калегамі, якія ўжо трапілі ў чорныя спісы і звяртацца па дапамогу ў незалежныя прафсаюзы ды аб’яднанні.

Антон Каменскі, «Белсат»