«Гуманітарная эвакуацыя» сталася платнай


У менскім аэрапорце прызямліўся адмысловы эвакуацыйны рэйс «Белавія» з Ізраілю. У Беларусь прыляцелі нашыя грамадзяне, якія захацелі пакінуць зону баявых дзеянняў. Што праўда, эвакуацыйны рэйс аказаўся платным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прайшоў амаль месяц пасля наземнай атакі тэрарыстычнай групоўкі «Хамас» на ізраільскія паселішчы. Армія абароны Ізраілю вядзе баявую аперацыю ў Газе, ізраільскія гарады абстрэльваюць з Газы, з Лівану і нават з Емену. І толькі ў панядзелак 6-га лістапада міністэрства замежных справаў Лукашэнкі паведаміла пра паспяховую эвакуацыю беларусаў з Ізраілю «гуманітарным авіярэйсам».

«У 11:45 спецыяльны рэйс “Белавія” вылецеў з аэрапорту “Бэн-Гур‘ён”. На борце, акрамя чальцоў экіпажу, знаходзіцца 117 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь – усе, хто захацеў пакінуць зону канфлікту», – паведаміў дзяржаўным СМІ амбасадар Беларусі ў Ізраілі Юрый Вараб‘ёў.

Але, як беларускія незалежныя журналісты даведаліся ў кампаніі «Белавія», квіток на «спецрэйс» з Тэль-Авіву быў платным – па 550 долараў з чалавека з адной валізай багажу і адной торбаю ў руках. Выданне «Reform.by» знайшло таннейшыя камерцыйныя авіярэйсы з таго ж аэрапорту «Бэн-Гур‘ён» у Маскву ці ў Варшаву. Зарэгістравацца ж на «гуманітарны спецрэйс» маглі толькі тыя, хто мае беларускі пашпарт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт авіякампаніі «Белавія».
Фота: obyektiv.press

Тым часам ізраільскія вайскоўцы ў сектары Газа дасягнулі берагу мора, разрэзаўшы сектар на паўночную і паўднёвую частку, і акружылі Газа-сіці. У панядзелак яны адкрылі гуманітарны калідор для эвакуацыі мірных жыхароў на поўдзень, бліжэй да Егіпту.

Таксама Армія абароны Ізраілю паведамляе пра ліквідацыю хамасаўскага камандзіра Уаіля Асафы – аднаго з кіраўнікоў спецназу баевікоў, якія атакавалі Ізраіль 7 кастрычніка.

«Ёсць звесткі, што вайскоўцы выкарыстоўваюць цяжкія бомбы, якія трапляюць пад зямлю і падчас выбуху ладзяць землятрусы малой магутнасці. Гэта неабходна, каб разбурыць падземную інфраструктуру «Хамасу» – базы, тунэлі. З вечара нядзелі ў Газе зноўку знікла сотавая сувязь і інтэрнэт», – распавядаў у жывым эфіры «Белсату» наш журналіст у Ізраілі Раман Перл.

Супрацьстаянне ідзе і ў інфармацыйнай прасторы. Структура «Хамасу», адпаведная міністэрству здароўя, паведаміла, што за месяц у Газе загінулі больш за 10 тысячаў чалавек.

Ізраіль спрабуе нагадаць свету пра зверствы «Хамасу» 7 кастрычніка, калі былі забітыя паўтары тысячы ізраільцянаў і замежнікаў. Амбасадам даручана арганізаваць дэманстрацыі дакументальных кадраў з наступствамі атакі ў парламентах розных краінаў і для ўплывовых медыяў.

Цяпер «Хамас» утрымлівае ў закладніках больш за 200 чалавек, у тым ліку замежнікаў.

«Я хачу сказаць заканадаўцам, што іхная галоўная задача – абавязак вярнуць закладнікаў. Мы мусім перамагчы ў вайне і аднавіць нашыя дамы, але перадусім трэба вярнуць закладнікаў дадому», – патлумачыла сваю матывацыю ўдзельніца акцыі пратэсту пад парламентам Ізраілю Элен Гефэн.

Баевікі «Хамасу» пакуль адпусцілі з палону толькі 4 асобы. Сёння ж з’явілася інфармацыя, што Эмілі, 8-гадовая дзяўчынка з грамадзянствам Ізраілю ды Ірландыі, якую лічылі забітай, афіцыйна лічыцца выкрадзенай закладніцай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»