Пад Менскам на чыгунцы адбыўся выбух


Лукашэнка сёння наведваў умацаваны раён на паўднёвым захадзе Беларусі, выступаў перад сваймі медыямі, гразіў ворагам ды прарочыў ваенны калапс Украіны. Вайскова-прапагандысцкі парадак дня, аднак, папсавала інфармацыя, што напярэдадні ўначы хтосьці зрабіў дыверсію на чыгунцы. Ды яшчэ дзе – пад Менскам! Ці вартая даверу вайсковая аналітыка ад Лукашэнкі ды што вядома пра выбух на чыгуначных пуцях?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вузел супраціву ўмацаванага раёну – гэткі вайсковы аб’ект сёння паказвалі Аляксандру Лукашэнку і дзяржаўным медыям. Паводле «Беларускага Гаюна» – пад Жабінкаю, паводле праўладных крыніцаў інфармацыі – на Кобрыншчыне. Такіх пунктаў нібыта стварылі некалькі. Вузел супраціву размясцілі непадалёк межаў з Польшчай і Украінай. Украінскі вайсковы эксперт Раман Світан у перспектывы нападу суседзяў на Беларусь, асабліва на гэтым кірунку, не верыць. Навошта тады спатрэбіўся гэткі абʼект?

«Імаверна, каб схаваць сваю армію ад Пуціна, адвесці яе далей ад Расеі, каб не паказваць яе і не трапіць на вайну супраць Украіны на данецкі кірунак», – мяркуе палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

У размове з праўладнымі журналістамі Лукашэнка зноў выступіў у ролі вайсковага эксперта. Маўляў, Злучаныя Штаты штурхаюць расейцаў да крайніх захадаў, каб тыя дасталі чырвоны гузік і паклалі яго на стол.

«Яму самому падабаецца прэтэндаваць на развязанне пытанняў, якія маюць значэнне для ўсяго свету. Па-другое, гэта спроба спадабацца старэйшаму брату, бо ў іх на наступным тыдні будзе сустрэча», – мяркуе палітолаг Анатоль Котаў.

Украінцам самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі прадказаў хуткі ваенны калапс. І заклікаў да перамоваў з Расеяй. Правал наступу ЗСУ Лукашэнка прадказваў ужо не першы раз. Прароцтвы пакуль не збыліся. Украінскі наступ ідзе павольней, чым меркавалася, але прагрэс ёсць, кажа Раман Світан.

«Выхад на ўзбярэжжа Азоўскага мора прагназуем да канца года. Гэта называецца смерцю расейскай крымска-херсонскай групоўкі. А Лукашэнка і яму падобныя будуць спыняць рознымі страшнымі байкамі пра гэтае прасоўванне», – мяркуе Раман Світан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: onlyyouqj / Freepik

Пакуль Лукашэнка гразіў ворагам і прарочыў хуткую паразу Украіны, у незалежных медыях разляцелася інфармацыя пра выбух на станцыі Азярышча пад Менскам напярэдадні ўначы. Пра інцыдэнт пішуць тэлеграм-каналы «Матолька Хэлп» і «Сообщество железнодорожников Беларуси». Выбух чулі ў радыусе васьмі кіламетраў. Нібыта пашкоджаныя чыгуначныя пуці, якія выкарыстоўваюцца для пагрузкі баявой тэхнікі.

«Сапраўды быў выбух, і рэжым Лукашэнкі разаслаў арыентаванні асобаў, якія падазраюцца ў гэтай акцыі. Гэта тры чалавекі на аўтамабілі», – кажа кіраўнік «Bypol» Аляксандр Азараў.

Ані сам Лукашэнка, ані падкантрольныя яму медыі інфармацыю пра надзвычайнае здарэнне на беларускай тэрыторыі пакуль не каментавалі. Зрэшты, доўгае маўчанне яны захоўвалі і пасля дыверсіі ў Мачулішчах супраць каштоўнага расейскага самалёта.

Валянцін Васіленка, «Белсат»