Краіны ЕЗ ўзгаднілі восьмы пакет санкцыяў


Новы пакет прыняты ў сувязі з эскалацыяй ваенных дзеянняў Расеі супраць Украіны і анексіяй Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў. Як паведамляе Рада Еўразвязу, абмежаванні скіраваныя ў першую чаргу супраць расейскага ўраду і эканомікі краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты новы пакет санкцыяў супраць Расеі – доказ нашай рашучасці спыніць ваенную машыну Пуціна і адказаць на ягоную апошнюю эскалацыю праз фальшывыя “рэферэндумы” і незаконную анексію ўкраінскіх тэрыторыяў», – кажа вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэп Бурэль.

«Мы наносім яшчэ большы ўдар па ваеннай эканоміцы Расеі, абмяжоўваем яе імпартна-экспартныя магчымасці і ідзём шляхам хуткага вызвалення ад расейскай энергетычнай залежнасці. Мы таксама пераследуем тых, хто нясе адказнасць за незаконную анексію ўкраінскіх тэрыторыяў. ЕЗ будзе падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца».

Згодна з новымі абмежаваннямі, краіны ЕЗ вызначаць верхнюю мяжу коштаў на расейскую нафту, якая транспартуецца ў трэція краіны марскім шляхам. Мяркуецца, што столь цэнаў дазволіць скараціць прыбыткі, якія Крэмль атрымлівае ад продажу чорнага золата, і да таго ж стабілізаваць сусветныя цэны на энерганосьбіты, што рэзка ўзраслі пасля пачатку вайны ва Украіне. На думку эканамічнага аглядальніка Максіма Бланта, паспяховасць гэтай задумы будзе залежаць ад Кітаю ды Індыі.

«Ключавая роля за краінамі, якія развіваюцца. ЗША вядзе кампанію па прыцягненню Індыі і Кітая, да таго каб яны далучыліся да «флэш-мобу» па ўстанаўленні гранічных цэн на расейскую нафту».

У восьмым пакеце санкцыяў таксама працягнутая забарона на імпарт сталеліцейнай прадукцыі, вырабленай у Расеі або экспартаванай з яе. Дадатковыя абмежаванні ўведзеныя на драўняную масу і паперу, цыгарэты, пластмасу, касметыку, а таксама на элементы, што выкарыстоўваюцца ў ювелірнай прамысловасці.

«Уласна па эканоміцы самы балючы ўдар гэта абмежаванне для сталеліцейнай прамысловасці, таму што яны і так працуюць на мяжы рэнтабельнасці і ўраду давядзецца шукаць сродкі каб падтрымліваць на плаву гэтую галіну. Яна заўсёды была такой курыцай, якая несла залатыя яйкі. Цяпер гэтая курыца ляжыць пад кропельніцай», – лічыць эксперт Белсату.

Акрамя таго, накладзеныя санкцыі на расейскіх лідараў думак, якія распаўсюджваюць дэзінфармацыю пра вайну, прадстаўнікоў абароннага сектару, юрыдычных і фізічных асобаў, датычных да арганізацыі незаконных рэферэндумаў на часова акупаваных тэрыторыях. Пашыраны пералік прадметаў, якія могуць спрыяць удасканаленню расейскага ВПК. Таксама расяянам забаронена валодаць крыптагаманцамі ў ЕЗ. З’явіліся абмежаванні і для грамадзянаў Еўразвязу – ім нельга займаць пасады ў кіроўных органах некаторых расейскіх установаў.

Галоўнае пытанне – наколькі дзейснымі будуць гэтыя санкцыі? Раней, падчас іх фармулявання, кіраўнік МЗС Украіны казаў, што новы пакет «не адпавядае ўзроўню абвастрэння».

«Мы павінны разумець абмежаванні, таму што Еўразвязу вельмі цяжка дамаўляцца па санкцыям. Такія краіны як Венгрыя ўвогуле хочуць спыніць санкцыі і яны аказваюць ціск на Брусэль», – мяркуе даследнік фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

Цяпер восьмы санкцыйны пакет у дачыненні Расеі мусяць ухваліць лідары краінаў ЕЗ. Чакаецца, што гэта адбудзецца заўтра на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Празе.

Ян Федаровіч, «Белсат»